Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дае Беларусі сяброўства ў Сусьветнай арганізацыі здароўя. Разьбіраемся


Беларусь — сябра Сусьветнай арганізацыі здароўя з 1994 году. САЗ ухваляла ня ўсе дзеяньні Беларусі, напрыклад, выказвалася супраць правядзеньня параду ў Менску 9 траўня сёлета. Свабода паглядзела, чым карыснае сяброўства ў САЗ.

Што такое САЗ

Сусьветная арганізацыя здароўя — міжнародная структура, якая аб’ядноўвае 194 краіны па ўсім сьвеце. Штаб-кватэра САЗ знаходзіцца ў Жэнэве, у Швайцарыі.

Асноўныя мэты арганізацыі:

  • даваць міжнародныя рэкамэндацыі ў галіне аховы здароўя
  • вызначаць стандарты аховы здароўя
  • супрацоўнічаць з урадамі краін у галіне ўзмацненьня нацыянальных праграм аховы здароўя
  • распрацоўваць і перадаваць тэхналёгіі, інфармацыю і стандарты аховы здароўя.

Такім чынам, САЗ існуе для абмену досьведам у сфэры аховы здароўя і ўзаемадапамогі паміж краінамі, але рашэньні САЗ для краінаў-сяброў рэкамэндацыйныя.

У 1994 годзе ў Беларусі зьявілася бюро САЗ. Беларускі офіс уваходзіць у Эўрапейскае рэгіянальнае бюро САЗ. У 2016 годзе прадстаўніцтва САЗ у Беларусі пашырылі: цяпер офісам кіруе прадстаўнік САЗ.

Чым САЗ карысная для Беларусі

Пляны супрацоўніцтва зь Беларусьсю на бліжэйшыя гады САЗ апісвае гэтак:

  • дасягненьне мэтаў устойлівага разьвіцьця, зьвязаных са здароўем;
  • забесьпячэньне ўсеагульнага ахопу мэдыка-санітарнымі паслугамі;
  • разьвіцьцё сыстэмы аховы здароўя, умацаваньне першаснай мэдыка-санітарнай дапамогі і інфармацыйнай сыстэмы аховы здароўя;
  • барацьба зь неінфэкцыйнымі захворваньнямі, псыхічнымі захворваньнямі, гвалтам і траўмамі;
  • праблемы здароўя дзяцей і падлеткаў;
  • праблемы антымікробнай рэзыстэнтнасьці;
  • пытаньні прафіляктыкі, дыягностыкі і лячэньня інфэкцыйных захворваньняў, у тым ліку ВІЧ-інфэкцыі, сухотаў і вірусных гепатытаў.

Сёлета падчас эпідэміі каранавірусу заявы САЗ і Міністэрства аховы здароўя ў Беларусі час ад часу разыходзіліся. Напрыклад, САЗ быў супраць правядзеньня параду ў Менску 9 траўня, а таксама ўвесь час казаў пра неабходнасьць мераў сацыяльнага дыстанцыяваньня, хоць карантыну ў Беларусі ніхто ня ўводзіў.

Паводле экс-міністра аховы здароўя Беларусі (1997–2001) Ігара Зелянкевіча, «сяброўства ў САЗ адпавядае інтарэсам у міжнародным супрацоўніцтве для Беларусі», але трэба падзяляць удалыя і няўдалыя праекты САЗ.

«Апошнім часам прафэсіяналізм з боку САЗ падае, бо да кіраўніцтва прыйшлі мэнэджары, і мы бачым менш выказваньняў прафэсіяналаў. Чаму б САЗ не зрабіць пазачарговую асамблею з нагоды каранавірусу, выпрацаваць рэкамэндацыі? Гэта б была дапамога для кіраўнікоў дзяржаў», — кажа Ігар Зелянкевіч.

І пералічвае ўдалыя праекты САЗ у Беларусі.

«Мы бачым, што САЗ абвясьціла барацьбу з гульнявой залежнасьцю, а ў нас ёсьць гэтыя гульнявыя аўтаматы, значыць, трэба задумацца, зразумець, што гэта хвароба. Ці САЗ зрабіў рэзалюцыю аб шкодзе алькаголю, а ў нас прадаюць алькаголь на запраўках. Ёсьць каштоўныя і лягічныя рэчы, а ёсьць праколы», — падсумоўвае Ігар Зелянкевіч.

А чым Беларусь карысная для САЗ?

У межах міжнароднага супрацоўніцтва САЗ можа скарыстоўваць досьвед Беларусі ў барацьбе з захворваньнямі ды ў іх прафіляктыцы. На думку Ігара Зелянкевіча, беларускі досьвед барацьбы з каранавірусам можа быць карысны.

«У нас ёсьць інфэкцыйныя лякарні, ёсьць санітарна-эпідэміялягічная служба. Беларусь змагла хутка разгарнуць патрэбны ложкавы фонд. І гэты досьвед каштоўны, САЗ можа яго распаўсюджваць. Напрыклад, у нашай усходняй суседцы ложкавы фонд скарачалі ў 2016 і 2019 гадах. А цяпер, наадварот, разгарнулі будаўніцтва шпіталяў», — прыгадвае Ігар Зелянкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG