Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніўся заробак Лукашэнкі за 20 гадоў і ці атрымлівае ён пэнсію 


Аляксандар Лукашэнка

Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі апублікавалі дэклярацыі аб даходах і маёмасьці за 2019 год. Сярод іншага стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка задэкляраваў гадавы даход у памеры 117 068 рублёў, хоць якой уласнасьці ён ня мае.

На колькі вырас прэзыдэнцкі заробак за 20 гадоў і ці атрымлівае 65-гадовы Лукашэнка пэнсію, высьветліў партал Tut.by.

На выбарах 1994 году кандыдаты ў прэзыдэнты не публікавалі дэклярацый, таму параўнаць, як зьмянілася матэрыяльнае становішча Аляксандра Лукашэнкі за больш як чвэрць стагодзьдзя на пасадзе, не атрымаецца. А за апошнія два дзясяткі гадоў ягоны дабрабыт зьмяняўся наступным чынам.

• За 2000 год: 3 776 186 недамінаваных рублёў

• За 2005 год: 59 172 668 недамінаваных рублёў

• За 2009 год: 94 539 101 недамінаваных рублёў

• За 2014 год: 551 761 258 недамінаваных рублёў

• За 2019 год: 117 068 рублёў.

Паводле сярэднеўзважанага курсу Нацыянальнага банку леташні заробак стаў самым высокім за ўвесь час — у эквіваленце 4671 даляр ЗША за месяц. У параўнаньні з 2000 годам рост амаль у 12 разоў.

У дэклярацыі Лукашэнка ўказаў толькі даход, які ён атрымлівае ў якасьці заробку. У канцы жніўня яму споўніцца 66 гадоў, ужо амаль шэсьць гадоў ён мае права на пэнсію. Tut.by двойчы зьвяртаўся ў прэзыдэнцкую прэс-службу з пытаньнем, ці атрымлівае ўсё ж Лукашэнка пэнсію. Адказу не было.

Лукашэнка ў статусе дзяржаўнага службоўца мог бы атрымліваць пэнсію за выслугу гадоў. Паводле закону «Аб дзяржаўнай службе», для гэтага трэба дасягнуць агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту, мець ня менш за 20 гадоў стажу на дзяржаўнай службе, плюс неабходны страхавы стаж.

Пэнсія ў такім выпадку прызначаецца ў памеры 40% заробку за любыя пяць гадоў запар з апошніх 15 гадоў працы на дзяржаўных пасадах. Пры такім раскладзе яна магла б скласці прыкладна 1310 рублёў.

У законе «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь» сказана, што ў выпадках заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў, адстаўкі, датэрміновага вызваленьня ад пасады даецца пэнсія ў памеры, якi вызначаецца заканадаўствам. Асобных правілаў для налічэньня пэнсіі былым прэзыдэнтам у законе няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG