Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш ста чалавек затрымалі ў цэнтры Масквы на акцыі «„Не“ — вечнаму Пуціну»


Акцыя «„Не“ — вечнаму Пуціну» ў Маскве, 15 ліпеня 2020

У цэнтры Масквы супрацоўнікі Расгвардыі затрымалі звыш ста ўдзельнікаў акцыі «„Не“ — вечнаму Пуціну». Яна была арганізаваная лідэрамі кампаніі супраць паправак да Канстытуцыі Расеі.

Мітынг пачаўся а сёмай гадзіне вечара на Пушкінскай плошчы. На яго прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Першапачаткова арганізатары акцыі падавалі заяўку ў мэрыю Масквы на правядзеньне мітынгу. Яны плянавалі запатрабаваць адмяніць вынікі галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю РФ. Аднак улады не далі дазволу на акцыю.

У сувязі з гэтым заяўнікі вырашылі правесьці яе ў фармаце сустрэчы грамадзянаў і збору подпісаў, папярэдзіўшы ўсіх, хто зьбіраецца прыйсьці на плошчу, што паліцыя можа палічыць сустрэчу няўзгодненым мітынгам і пачаць затрыманьні.

Празь дзьве гадзіны пасьля пачатку акцыі частка яе ўдзельнікаў арганізавалі стыхійнае шэсьце па Цьвярской вуліцы. Дарогу ім перакрылі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАПу. Пачаліся затрыманьні. Відавочцы паведамляюць, што праваахоўныя органы дзейнічалі вельмі жорстка. Многія з затрыманых скардзяцца на траўмы.

Выданне «МБХ Мэдыя» паведамляе, што яшчэ адна частка пратэстоўцаў прайшла шэсьцем па Бульварнага кольца, скандуючы «Масква, выходзь». Некаторыя з актывістаў ляглі на праезнай частцы на Пятроўскім бульвары і на пэўны час перакрылі рух. Каля 60 пратэстоўцаў апынуліся заціснутыя паліцыяй на вуліцы Пятроўцы. Большасьць зь іх затрымалі.

Усяго паведамляецца аб 103 затрыманых.

Адначасова з акцыяй на Пушкінскай плошчы ў Маскве падобная акцыя праходзіла ў Санкт-Пецярбургу. Пра затрыманьні там пакуль не паведамлялася.

  • Унясеньне зьменаў у Канстытуцыю Расеі ініцыяваў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у студзені. Тады ж ён заявіў, што папраўкі павінны быць ухваленыя ўсенародным галасаваньнем, хоць закон гэтага не патрабаваў.
  • Па выніках галасаваньня, калі верыць афіцыйным дадзеным Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі, за папраўкі выказаліся амаль 78% расейцаў, крыху больш за 21% выказаліся супраць. Яўка склала каля 65%. Апазыцыя заяўляла пра беспрэцэдэнтныя фальсыфікацыі падчас галасаваньня і не прызнае яго вынікаў.
  • Пасьля ўхваленьня зьменаў у Канстытуцыю вызначаны прыярытэт расейскай Канстытуцыі над міжнародным правам і адбылося «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якое дазваляе Уладзіміру Пуціну яшчэ двойчы выбірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG