Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат: «Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі будуць мець наступствы»


Андрус Кубілюс

Эўрадэпутат, былы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс выказаў салідарнасьць зь беларусамі, якія хочуць пераменаў.

«Сёньняшняе рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі не рэгістраваць Бабарыку і Цапкалу, вядучых кандыдатаў ад апазыцыі, скрала прэзыдэнцкія выбары ў народу Беларусі», — сказаў Андрус Кубілюс у відэазвароце, разьмешчаным у сацсетках.

Тым ня менш, людзей нельга пазбавіць права патрабаваць зьменаў: «Большасьць беларусаў патрабуюць пераменаў, і гэта азначае канец рэжыму Лукашэнкі, які не разумее волі абсалютнай большасьці беларускага народу», — лічыць Кубілюс.

Эўрадэпутат нагадвае, што калі 9 жніўня народ абярэ новае кіраўніцтва, яно зможа арганізаваць свабодныя і дэмакратычныя выбары, а таксама правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году.

«Дзеяньні Лукашэнкі і яго рэжыму будуць мець наступствы. Эўрапейскі Зьвяз ня будзе трываць палітвязьняў у Беларусі; не пацерпіць катаваньняў нявінных людзей у турме, якія жадаюць лепшай будучыні для эўрапейскай Беларусі, ня будзе трываць пастаянных перасьледаў і рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ, блогераў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадпрымальнікаў, актывістаў і людзей культуры, мастацтва і палітыкі», — заявіў Андрус Кубілюс.

Ён завяршыў зварот словамі, што Беларусь, свабодная ад дыктатуры, заслугоўвае лепшай будучыні ў эўрапейскай сям’і, заслугоўвае эўрапейскага шляху пераменаў.


Андрус Кубілюс не ўпершыню выказваецца ў падтрымку дэмакратычных зьменаў у Беларусі і крытыкуе беларускія ўлады. Ён – сябра фракцыі Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце, а ў Літве — вэтэран Саюдзісу, сябра-заснавальнік партыі Зьвяз Айчыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG