Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адно аднаго ў працягу гарматных абстрэлаў


Узброеныя сілы Азэрбайджану раніцай 13 ліпеня аднавілі абстрэл пазыцый армянскіх вайскоўцаў, напісала прэсавая сакратарка Міністэрства абароны Армэніі Шушан Сьцепанян на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Напярэдадні Баку і Ерэван абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню і выкарыстаньні гарматаў.

«Пасьля двух-трохгадзіннага перапынку раніцай праціўнік аднавіў правакацыйныя дзеяньні, працягнуўшы абстрэльваць армянскія пазыцыі», — падкрэсьліла Сьцепанян.

«З боку падразьдзяленьняў узброеных сілаў Армэніі ім быў дадзены адэкватны адказ. Ня выключана павелічэньне стратаў з боку праціўніка», — дадала яна.

Міністэрства абароны Азэрбайджану, у сваю чаргу, паведаміла пра сьмерць трэцяга вайскоўца, цяжка параненага падчас бою на мяжы з Армэніяй, піша «Каўкаскі вузел».

Паводле інфармацыі вайсковага ведамства Азэрбайджану, узброеныя сілы Армэніі абстралялі зь мінамётаў азэрбайджанскую вёску Агдам. «Узброеныя сілы Армэніі абстралялі з 12-мілімэтровых мінамётаў сяло Агдам Тавускага раёну. Цяпер апэратыўная абстаноўка ўздоўж лініі фронту знаходзіцца пад кантролем нашых войскаў», — гаворыцца на старонцы ведамства ў Фэйсбуку.

У той жа час прэсавая сакратарка Мінабароны Армэніі Шушан Сьцепанян заявіла, што армянскія ўзброеныя сілы не вядуць агонь па азэрбайджанскіх населеных пунктах, пад прыцэл бярэцца толькі інжынэрная інфраструктура і тэхнічныя сродкі ўзброеных сілаў Азэрбайджану.

Прэсавая служба МЗС Армэніі таксама інфармуе, што міністар замежных справаў краіны Заграб Мнацаканян у сувязі з напружанай сытуацыяй на мяжы Армэніі і Азэрбайджану знаходзіцца ў пастаянным кантакце з сустаршынямі Менскай групы АБСЭ па ўрэгуляваньні карабаскага канфлікту і ўжо прадставіў ім інфармацыю пра «сытуацыю на месцы і пагрозу далейшай эскаляцыі».

Напярэдадні, 12 ліпеня, у Тавускім раёне Азэрбайджану на азэрбайджанска-армянскай мяжы здарыўся інцыдэнт. У Мінабароны Азэрбайджану заявілі, што ўзброеныя сілы Армэніі, «груба парушыўшы рэжым спыненьня агню» на азэрбайджанска-армянскай дзяржаўнай мяжы, «абстралялі нашыя пазыцыі з артылерыйскіх установак».

Мінабароны Армэніі, у сваю чаргу, абвінаваціла Азэрбайджан у гарматным абстрэле пазыцыі армянскай арміі на мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG