Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу зноў не дазволілі сабрацца на плошчы Леніна


Архіўнае фота

12 ліпеня каля поўдня ў Берасьці праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пачалі зьбірацца на плошчы на традыцыйную сустрэчу.

Ад 25 лютага 2018 году такія сустрэчы адбываліся тут кожную нядзелю. Як паведаміў агенцтву БелаПАН адзін зь лідэраў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага заводу Дзьмітры Бекалюк, супрацоўнікі міліцыі выціскалі людзей з плошчы.

Такім чынам, праціўнікам заводу не далі сустрэцца на плошчы чацьвёртую нядзелю запар.

Паводле Бекалюка, каля 50 з 100 тых, хто прыйшоў, выправіліся да будынка гарвыканкаму, дзе ў папярэднія дзьве нядзелі праходзілі сустрэчы з кіраўніцтвам Берасьця і Берасьцейскага раёну.

«У актавай залі гарвыканкаму не было нікога з кіраўніцтва гораду і раёну. А тыя, хто быў, сказалі, што ня змогуць адказаць на пастаўленыя намі раней пытаньні, у прыватнасьці аб неабходнасьці правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў новай справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе акумулятарнага заводу, — сказаў Бекалюк. — Пасьля гэтага мы абмеркавалі на пляцоўцы ля будынка гарвыканкаму свае далейшыя дзеяньні да правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму аб заводзе».

Прыкладна ў 12.50 каля 45 праціўнікаў заводу прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатру «Беларусь».

Правесьці рэфэрэндум паабяцаў Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня падчас сустрэчы з грамадзкасьцю Берасьця, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства. Рэфэрэндум плянуецца арганізаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG