Гарадзенца звольнілі за прагулы праз памылку з «каранавірусным» бальнічным

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

58-гадовы жыхар Горадні Раман расказаў Tut.by пра звальненьне з працы за прагулы — ён быў на самаізаляцыі як «кантакт І узроўню» з хворай на COVID-19, але ў бальнічным «згубіліся» два дні.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Рамана, 22 траўня ягоная цывільная жонка Натальля трапіла ў лякарню — там у яе дыягназавалі COVID-19. Натальля расказвае, што адчула сябе блага яшчэ 20 траўня, выклікала лекара, ёй паставілі дыягназ «бранхіт», зь якім 22-га яна пайшла ў паліклініку. Ужо ў паліклініцы яе ўважліва агледзелі, рэнтгенаўскі здымак паказаў паражэньне 50% лёгкіх — яе накіравалі ў лякарню, дзе і выявілі каранавірус.

У лякарні яна расказала, што жыве з Раманам. Ёй паабяцалі, што ў на наступны дзень — у суботу, 23 траўня — да іх дамоў прыедзе санстанцыя і лекары. У той жа дзень Раману патэлефанавалі з гарадзкой паліклінікі і сказалі быць на самаізаляцыі. Але толькі 27-га яму зрабілі тэст і прывезьлі дакумэнты аб рэжыме самаізаляцыі. Бальнічны ліст выпісалі толькі з моманту, калі ўзялі тэст (які аказаўся адмоўным), а ня з моманту пачатку самаізаляцыі, і да 9 чэрвеня. Паўторны тэст прыйшлі браць толькі позна ўвечары 9 чэрвеня — у гэты дзень Раман не хадзіў на працу.

Раман сьцьвярджае, што папярэдзіў працадаўцу — кампанію «Колерліт» — пра самаізаляцыю. Але на працы яму паставілі прагулы за 25 і 26 траўня, а таксама 9 чэрвеня, згодна бальнічнаму. За гэтыя прагулы мужчыну звольнілі 29 чэрвеня.

На прадпрыемстве Tut.by заявілі, што дзейнічалі згодна з законам і «проста так супрацоўнікаў не звальняюць». У прафсаюзе заявілі, што вядуць перамовы з адміністрацыяй, але «і самому супрацоўніку нельга пускаць на самацёк важныя моманты працоўнай дзейнасьці». У паліклініцы сказалі, што дзейнічалі згодна з інструкцыяй: бальнічны адкрываюць з моманту, калі паступае інфармацыя пра «кантакта І узроўню» ад санстанцыі або ад хворага, які выклікае тэрапэўта з паліклінікі. Пра тое, што мужчыну тэлефанавалі з паліклінікі, там зьвестак ня маюць.

​
XS
SM
MD
LG