Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы: пераможца загадзя невядомы


Дзейны прэзыдэнт Польшчы і кандыдат у прэзыдэнты Анджэй Дуда на перадвыбарчым мітынгу ў Сувалках, 7 ліпеня 2020

Апытаньні грамадзкай думкі ў апошні тыдзень перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, які пройдзе 12 ліпеня, не даюць адказу на пытаньне, каторы з двух кандыдатаў​ фаварыт гонкі.

Некаторыя сацыялягічныя службы прагназуюць, што зь невялікім адрывам выйграе дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда, іншыя аддаюць невялікую перавагу ягонаму суперніку, мэру Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму. Але разрыў паміж рэйтынгамі абодвух кандыдатаў знаходзіцца ў межах статыстычнай памылкі апытаньняў, так што пакуль вядома толькі, што нічога невядома.

У першым туры Анджэй Дуда атрымаў 43,50% галасоў выбарнікаў, Рафал Тшаскоўскі — 30,46%. Большасьць назіральнікаў зьвяртаюць увагу на тое, што Рафал Тшаскоўскі ўжо дасягнуў не абы-якога палітычнага посьпеху, здолеўшы за два тыдні паміж першым і другім турамі зраўняць свае шанцы на перамогу з Анджэем Дудам.

Я маю надзею, што жменя інфармацыі і рэфлексіі ніжэй дапаможа наблізіць атмасфэру выбарчай кампаніі ў Польшчы беларускаму чытачу, які не глядзіць польскіх тэлевізійных навінаў штодня, як раблю гэта я.

Палітычная прыналежнасьць кандыдатаў

Фармальна Анджэй Дуда (48 гадоў) — беспартыйны кандыдат у прэзыдэнты. Але ягоную кандыдатуру падтрымлівае кіроўная партыя «Права і справядлівасьць» і кантраляваныя ёю «публічныя» СМІ ды ўрад. Апанэнты Дуды, у тым ліку сам Тшаскоўскі, на кожным кроку падкрэсьліваюць палітычную несамастойнасьць дзейнага прэзыдэнта, якім, паводле іх, насамрэч кіруе лідэр «Права і справядлівасьці» Ярослаў Качыньскі.

Рафал Тшаскоўскі (48 гадоў) — кандыдат у прэзыдэнты ад выбарчага камітэту «Грамадзянская кааліцыя», у якой галоўную ролю адыгрывае найбольшая апазыцыйная партыя ў Польшчы — «Грамадзянская плятформа».

Мэр Варшавы і кандыдат у прэзыдэнты Рафал Тшаскоўскі на перадвыбарчым мітынгу ў Цяханаве, 9 ліпеня 2020
Мэр Варшавы і кандыдат у прэзыдэнты Рафал Тшаскоўскі на перадвыбарчым мітынгу ў Цяханаве, 9 ліпеня 2020

Цэнтральны ўрад versus мясцовае самакіраваньне

Калі спрабаваць вызначыць асноўную канцэптуальную розьніцу ў праграмных поглядах абодвух кандыдатаў на ўнутраную палітыку, дык мне здаецца, што якраз гэтае супрацьстаўленьне — цэнтралізацыя супраць дэцэнтралізацыі — найлепш перадае сутнасьць розьніцы. Тшаскоўскі, які працуе мэрам Варшавы, змагаецца за мацнейшую пазыцыю мясцовага самакіраваньня ў вырашэньні шматлікіх палітычных і сацыяльных пытаньняў (у тым ліку пытаньняў кантролю над падатковымі паступленьнямі). Дуда, наадварот, на кожнай сустрэчы з выбарнікамі падкрэсьлівае ролю цэнтральнага ўраду ў кіраваньні краінай і ў раздачы сацыяльных дабротаў грамадзянам.

Польшча, Эўразьвяз, ЗША

У прынцыпе, Дуда і Тшаскоўскі ня розьняцца ў прыярытэтах і мэтах замежнай палітыкі краіны. Але яны інакш расстаўляюць акцэнты. Дуда ганарыцца тым, што падчас ягонага першага тэрміну яму ўдалося актывізаваць стасункі Варшавы з Вашынгтонам, канкрэтным вынікам чаго стала абяцаньне прэзыдэнта Дональда Трампа перавесьці частку вайсковага кантынгенту ЗША зь Нямеччыны ў Польшчу і такім чынам павысіць бясьпеку краіны.

Тшаскоўскі ўхваляе палітыку дачыненьняў з ЗША, якую праводзіць Дуда і ўрад «Права і справядлівасьці», але крытыкуе іх за папсаваныя стасункі з Брусэлем. Паводле яго, Польшча ў сваіх міжнародных дачыненьнях павінна арыентавацца перш за ўсё на Эўразьвяз. Ён абяцае узмоцніць падупалую, на ягоную думку, пазыцыю Польшчы ў Эўропе, аднаўляючы цесныя стасункі Варшавы з Бэрлінам і Парыжам у рамках так званага «Ваймарскага трыкутніка».

Палітычная палярызацыя грамадзтва

Выразны падзел на прыхільнікаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» і на тых, каму не падабаюцца мэтады цяперашняга ўраду і ягонага «шэрага кардынала» Ярослава Качыньскага, абрысаваўся значна раней. Але ў гэтай выбарчай кампаніі ён выплюхнуўся з такой сілай і такім напалам эмоцый, якіх палякі яшчэ ня бачылі і ня чулі. Рыторыка перадвыбарчых выступаў Дуды і Тшаскоўскага сапраўды вельмі вострая, хоць, трэба тут падкрэсьліць, яна і блізка не падыходзіла да той мяжы, за якой ляжаць такія вядомыя беларусам палітычныя эпітэты, як «мразь», «падонкі», «адмарозкі», «сьвядомыя», «буза» і іншыя…

Мэдыяльная палярызацыя

Падзел на кантраляваныя ўрадам (публічныя) СМІ і прыватныя (у тым ліку з удзелам замежнага капіталу) таксама абрысаваўся ў Польшчы задоўга да сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Але на гэтых выбарах ён стаў настолькі выразны, што Тшаскоўскі ў сваёй выбарчай праграме асобным пунктам паставіў ліквідацыю кантраляванага ўрадам тэлеканалу TVP Info, які лічыць прапагандысцкім рупарам «Права і справядлівасьці». Са свайго боку, палітыкі «Права і справядлівасьці» абяцаюць, у выпадку перамогі Дуды, прыняць закон аб «нацыяналізацыі» СМІ ў краіне, які абмяжуе ўдзел замежнага капіталу ў мэдыясфэры краіны.

ЛГБТ, пэдафілія

Гэтыя тэмы таксама ўсплылі ў выбарчай кампаніі, хоць, як мяркую, ня выклікалі такіх перадвыбарчых эмоцый, якія сьведчылі б, што кандыдатам варта было б засяродзіцца на іх мацней, каб здабыць дадатковыя галасы.

Дуда на сустрэчах з выбарнікамі заступаўся за дэпутата «Права і справядлівасьці», які на прыватным тэлеканале TVP24 сказаў, што «LGBT — гэта ня людзі, а ідэалёгія». Журналістка, якая размаўляла з гэтым дэпутатам, у жывым эфіры папрасіла яго пакінуць студыю. Паводле Дуды, рух LGBT — гэта і ёсьць «ідэалёгія». Тшаскоўскі, які падтрымлівае змаганьне руху ЛГБТ за роўныя правы, час ад часу цытаваў гэтае выказваньне на перадвыбарчых сустрэчах, але гэтая тэма, як мне здаецца, не «зайграла».

Большы мабілізацыйны патэнцыял на выбарах, як здавалася, меў для Тшаскоўскага факт памілаваньня Дудам у красавіку сёлета чалавека, які быў асуджаны за акты пэдафіліі ў дачыненьні сваёй дачкі (справа цягнулася з 2013 году). Але і гэтая тэма паступова прыглухла сярод выбарчай рыторыкі, якая канцэнтравалася пераважна на эканамічна-сацыяльных пытаньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG