Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца прызналі палітвязьнем. Праваабаронцы пратэстуюць супраць жорсткага абыходжаньня з арыштаванымі


Павал Севярынец, архіўнае фота

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычным зьняволеным і запатрабавала вызваліць сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў заяву пра гэта 10 ліпеня, а затрымалі Севярынца яшчэ 7 чэрвеня.

Павал Севярынец, у адрозьненьне ад іншых 24 беларусаў, прызнаных палітвязьнямі, не зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы.

Але яму раз за разам дадаюць «сутак» адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаваныя акцыі» — сумарна набралася ўжо ня менш як 105 дзён.

«Мы чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымяненьня нормаў КаАП зьяўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказаньня ціску, пакараньня за публічную грамадзкую дзейнасьць і ізаляцыі Паўла Севярынца на ўвесь пэрыяд выбарчай кампаніі, — пішуць праваабаронцы. — Акрамя таго, мы нагадваем, што свабода мірных сходаў і выказваньня думак гарантаваная грамадзянам Беларусі як дзейнай Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах у прыватнасьці. Пазбаўленьне волі ў сувязі з рэалізацыяй гэтых свабодаў зьяўляецца недапушчальнай і непрымальнай практыкай у дэмакратычным грамадзтве».

Праваабаронцы адзначаюць і заявы аб жорсткім і бесчалавечным абыходжаньні зь Севярынцам ад яго самога і ад вызваленых вязьняў менскага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

«Актывіста неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар бязь цёплай вопраткі і асабістых рэчаў, дзе ад нізкіх тэмпэратураў уначы ён ня мог спаць, а ўдзень, калі нары падымаюцца і замацоўваюцца да сьцяны, увесь час вымушаны сядзець на невялікім зэдліку, — пішуць у заяве. — Яго не выводзяць на прагулкі і ў душ, працяглы час не прымалі перадач ад родных і дагэтуль не дапускаюць да яго адваката.

У сувязі з гэтым мы нагадваем, што свабода ад катаваньняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня зьяўляецца абсалютным правам, а такое абыходжаньне забаронена як дзейным нацыянальным заканадаўствам, так і міжнародным правам у галіне правоў чалавека».

Праваабаронцы патрабуюць ня толькі вызваліць Севярынца і іншых палітычных зьняволеных, але і правесьці праверкі і пакараць вінаватых у катаваньнях арыштаваных.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, Lawtrend, «Прававая ініцыятыва», «Ініцыятыва Forb», група «Ідэнтычнасьць і права», Human Constanta, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Беларускі дом правоў чалавека імя Звоскава і Беларускі ПЭН-цэнтар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG