Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя пра сьпевака Калдуна: тэст на COVID-19 адмоўны


Дзьмітры Калдун, архіўнае фота
Дзьмітры Калдун, архіўнае фота

У сувязі са шматлікімі запытамі ад прыхільнікаў творчасьці Дзьмітрыя Калдуна Міністэрства аховы здароўя паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале, што ён сапраўды быў шпіталізаваны ў 6-ю бальніцу Менску «з прыкметамі выяўленай інтаксыкацыі невыразнага генэзу. У стацыянары яму праведзены комплекс дыягнастычных мерапрыемстваў з мэтай выключэньня, у тым ліку, віруснай пнэўманіі».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У паведамленьні міністэрства гаворыцца, што Дзьмітры напярэдадні адчуў недамаганьне, у яго паднялася тэмпэратура. Артыст вырашыў здаць тэст на каранавірус. У прыёмным пакоі яму зрабілі экспрэс-тэст, які паказаў сумнеўны вынік на наяўнасьць імунаглябулінаў М, у сувязі з чым было вырашана правесьці далейшую ПЦР-дыягностыку.

На сёньняшні дзень, паведамляе міністэрства, «дыягназ пнэўманія выключаны, таксама атрыманыя адмоўныя вынікі ПЦР-дыягностыкі COVID-19 і адмоўны вынік колькаснага тэсту на наяўнасьць антыцелаў. Стан Дзьмітрыя стабільны. Пацыент плянуецца да выпіскі на далейшае лячэньне ў амбуляторных умовах. Канчатковы дыягназ будзе пастаўлены па выніках лябараторных дасьледаваньняў на наяўнасьць узбуджальнікаў рэсьпіраторных захворваньняў».

Дзьмітры Калдун паказаў у Instagram 7 ліпеня, што ходзіць у масцы і халаце ля цэнтру траўматалёгіі 6-й менскай лякарні. Прадстаўніца ягонай прэс-службы растлумачыла расейскаму сайту Teleprogramma.pro, што ў сьпевака выявілі COVID-19.

Паводле прадстаўніцы сьпевака, ён спачатку не надаваў сымптомам значэньня, пасьля нейкі час лячыўся дома, але вырашыў урэшце здаць тэст на каранавірус і быў шпіталізаваны. Ягоная жонка хварэе на COVID-19 бессымптомна, яе выслалі дамоў.

Самы масавы выступ сьпевака за апошні час — на адкрыцьці фантана ў Менску 3 ліпеня, на якім прысутнічалі ў тым ліку Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік расейскага «Сбербанку» Герман Грэф. Калдун перажывае, што мог там кагосьці заразіць.

Дзьмітры Калдун — 35-гадовы сьпявак зь Менску, пераможца расейскага тэлепраекту «Фабрика звёзд – 6» (пасьля перамогі кароткі час сьпяваў у гурце «К.Г.Б.»), прадстаўляў Беларусь на «Эўравізіі» ў 2007 годзе і заняў 6-е месца. Выдаў чатыры студыйныя альбомы і 11 самотнікаў, 14 кліпаў. Выступаў у Беларусі, Расеі, Украіне (у тым ліку на тэрыторыі, падкантрольнай групоўцы «ДНР»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG