Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як генпракуратура страйк ладзіла


Страйк, Менск, плошча Леніна, красавік 1991

Учора Генэральная пракуратура выступіла з папярэджаньнем аб незаконнасьці «пробнага агульнанацыянальнага страйку», які заклікаюць правесьці 3 жніўня неназваныя онлайн-рэсурсы. Згодна з гэтым заклікам, галоўныя патрабаваньні страйку — вызваленьне палітычных зьняволеных, а таксама забесьпячэньне справядлівасьці выбарчага працэсу.

Пракуратура прыстрашыла патэнцыйных удзельнікаў забастоўкі канфліктамі з органамі правапарадку, наймальнікамі, а таксама магчымымі судовымі разборамі.

Падобна на тое, што з уладамі ў гэтым выпадку злы жарт згуляла іх схільнасьць да прэвэнтыўных захадаў процідзеяньня пагрозам. Толькі Віктар Бабарыка вылучыўся ў прэзыдэнты — трапіў за краты, (Сяргей Ціханоўскі апынуўся там яшчэ да вылучэньня), выйшла шмат людзей на абсалютна легальны збор подпісаў — прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пачаў згадваць масавы расстрэл у Андыжане. Паводле дадзеных праваабаронцаў, падчас Плошчы−2010 — 19−21 сьнежня быў затрыманы 761 чалавек. Паводле зьвестак тых самых праваабаронцаў сёлета яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў — ад 6 траўня да 1 ліпеня — па краіне было затрымана 680 чалавек. Менш, але ўжо цалкам супастаўна.

Задушыць у зародку, зьбіць на ўзьлёце — мяркуючы па ўсім, сёлета ўлада дзейнічае ў адпаведнасьці з гэтымі правіламі.

Гэткая тактыка не пазбаўлена лёгікі, але часам дае вынік процілеглы жаданаму. І атрымліваецца ў адпаведнасьці зь вядомым «эфэктам Страйзанд». Амэрыканская сьпявачка абурылася публікацыяй фатаздымку яе дома, запатрабавала выдаліць фота з публічнага доступу, падала пазоў супраць фатографа. Між тым, да падачы пазову фота спампавалі ўсяго 6 разоў. Пасьля — 420 тысяч разоў.

Ідэя страйку выказвалася ў тэлеграм-каналах, абмяркоўвалася карыстальнікамі сацсетак. Аднак ці такое ўжо шырокае кола людзей пра яе даведалася? Гэтую ідэю не выказвалі ні СМІ, ні блогеры- інфлюэнсэры, ні палітычныя партыі, ні штабы кандыдатаў у прэзыдэнты. Не заклікаў да страйку нехта ў неабсяжным інфармацыйным акіяне. І што? А для беларускіх уладаў — тое, што ўкраінскі Эўрамайдан пачаўся з закліку ў ФБ журналіста Мустафы Наема. А раптам і ў Беларусі так будзе? Трэба апярэдзіць.

Ну і апярэдзілі. Паведаміўшы пра задуму правесьці агульнанацыянальны страйк urbi et orbi — усім і кожнаму, мільёнам беларусаў, большая частка зь якіх, магчыма, і не падазравала пра існаваньне гэткіх плянаў. Цяпер ведаюць.

Прычым, той факт, што гэта паведаміла не Беларускае тэлебачаньне, ня выкрыў Андрэй Мукавозчык у сваёй «накіпелай» калёнцы, а заявіла афіцыйна дзяржаўнае ведамства, толькі надало вагі праекту. Сур’ёзная ўстанова папярэджвае, значыць, і прапанова сур’ёзная, відаць, сур’ёзныя людзі за ёй стаяць.

Людзям, якія вылучылі ідэю страйку, і ня сьнілася такая рэкляма. Аднак улады самі яе ім зрабілі.

Каманда Віктара Бабарыкі заяўляе, што апублікуе плян дзеяньняў у выпадку нерэгістрацыі іх кандыдата толькі калі гэта адбудзецца. Не выключана, што заклік да страйку — адзін з варыянтаў гэтага пляну, які абмяркоўваецца ў штабе прэтэндэнта.

Але нават калі гэта і так, то ўсё адно ў гэтым выпадку для ўладаў перавагі апярэджаньня невідавочна перавышаюць шкоду ад максымальнай рэкламы гэтай ідэі.

Калі ж такіх плянаў у камандаў прэтэндэнтаў не было, то ў наяўнасьці «эфэкт Страйзанд» у чыстым выглядзе. Для пераважнай большасьці беларусаў атрымаецца, што страйк арганізавала сваім папярэджаньнем Генэральная пракуратура.

Папярэджаньне пагроз — дальнабачная тактыка, аднак часам яе рэалізацыя прымушае ўспомніць народную мудрасьць наконт дбайнасьці не па розуму.

Перадрук з парталу TUT.BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG