Пандэмія каранавірусу яшчэ не дасягнула піку, — Сусьветная арганізацыя здароўя

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус
Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў на брыфінгу 7 ліпеня, што распаўсюд COVID-19 толькі паскараецца і пік эпідэміі, відавочна, ня пройдзены.

«У той час як колькасьць памерлых [ад каранавірусу на дзень] у сьвеце глябальна зьнізілася і некаторыя краіны сапраўды дасягнулі значнага прагрэсу ў скарачэньні колькасьці сьмерцяў, у іншых краінах сьмяротнасьць па-ранейшаму расьце, — адзначыў Тэдрас. — Там, дзе быў дасягнуты прагрэс у зьніжэньні сьмяротнасьці, краіны праводзяць мэтанакіраваныя дзеяньні з найбольш уразьлівымі групамі, напрыклад людзьмі, якія жывуць ва ўстановах працяглага догляду».

Крыніцу вірусу SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19, усё яшчэ ня выявілі адназначна. САЗ завяршыла падрыхтоўку міжнароднай місіі і выпраўляе экспэртаў у Кітай, дзе была першая ўспышка, каб разам з кітайскімі калегамі выявіць жывёлу, ад якой вірус трапіў да чалавека.

Тэдрас таксама анансаваў запуск дадатковай інфармацыйнай праграмы супольна з сацсеткай Facebook, падзякаваў кампаніі Google за падтрымку ў інфармаваньні.

Тым часам на раніцу 8 чэрвеня ў сьвеце выявілі амаль 12 млн выпадкаў каранавірусу. Памерлі 546,7 тысячы чалавек, выпісалі здаровымі 6,9 млн пацыентаў, але хворымі застаюцца 4,5 млн (зь іх звыш 58 тысяч у цяжкім стане). Апошнім часам штодзень выяўляюць па 160–210 тысяч новых выпадкаў на дзень (графік паказвае паступовы рост), каля 3500–5500 сьмерцяў ад каранавірусу на дзень (графік стабілізаваўся зь сярэдзіны траўня).

​
XS
SM
MD
LG