Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіўся спыняць крымінальную справу Алеся Міхалевіча за падзеі Плошчы-2010 


Алесь Міхалевіч, 2018 год.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасьля прэзыдэнцкай кампаніі-2010 і толькі праз пяць гадоў вярнуўся на радзіму, расказаў сайту palitviazni.info, што атрымаў са Сьледчага камітэту адказ пра лёс сваёй крымінальнай справы.

Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду апынуўся пад крымінальным перасьледам.

Палітык стаў адным з фігурантаў справы «Аб масавых беспарадках». Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым, хто заявіў пра катаваньні ў турэмных засьценках. Выйшаўшы пад падпіску аб нявыездзе, ён пакінуў Беларусь і эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. У верасьні 2015 году вярнуўся на радзіму.

Крымінальная справа аб тагачасных падзеях у дачыненьні да Алеся Міхалевіча была прыпыненая, але не закрытая. Сёлета, праз 10 гадоў, яе маглі спыніць праз тэрмін даўнасьці. Алесь Міхалевіч з гэтай нагоды зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт. З адказу вынікае, што справу спыняць не зьбіраюцца.

«Крымінальная справа паводле ч. 1 і 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь заведзена 20.12.2010 адпаведна патрабаваньням крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, — гаворыцца ў адказе з подпісам намесьніка начальніка упраўленьня Сьледчага камітэту Менску А. Матолькі. — Падчас расьсьледаваньня вам прад’яўлена абвінавачаньне. Прымаюцца захады для поўнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага вывучэньня ўсіх абставін, якія маюць значэньне для таго, каб даць прававую ацэнку вашым дзеяньням».

Прадстаўнік ведамства зрабіў выснову, што падставаў для спыненьня папярэдняга расьсьледваньня і крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да Алеся Міхалевіча няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG