Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здаецца, у нас праблемы». У Эўропе правялі найбуйнейшую ў гісторыі апэрацыю супраць злачыннай групоўкі


Брытанскі паліцыянт у Оксфардзе, ілюстрацыйнае фота
Брытанскі паліцыянт у Оксфардзе, ілюстрацыйнае фота

Паліцыя Францыі, Нідэрляндаў і Англіі правяла найбуйнейшую ў гісторыі апэрацыю супраць арганізаванай злачыннасьці, перадае BBC. Падчас апэрацыі затрымалі больш за тысячу чалавек, канфіскавалі зброю, мільёны фунтаў і эўра, тоны наркотыкаў. Гэта адбылося дзякуючы таму, што паліцыя здолела расшыфраваць сакрэтны чат, дзе размаўлялі падазраваныя.

Сілавыя структуры трох краінаў адначасова паведамілі пра праведзеную апэрацыю Venetic, што азначае вэнэцкая мова. Гэта мова індаэўрапейскай групы, на якой размаўлялі на поўначы Італіі. Яна вымерла ў 11 стагодзьдзі да нашай эры.

У Вялікай Брытаніі арыштавалі 746 чалавек, у Нідэрляндах — больш за сто, у Францыі не сталі называць дакладнай колькасьці затрыманых. Там толькі ўдакладнілі, што размова таксама ідзе пра сотні людзей, уцягнутых, на думку паліцыі, у незаконную дзейнасць. Іх імёны і ролі ў злачынствах паліцыя пакуль не раскрывае.

Вядома, што ва ўсіх трох краінах затрымалі і паліцэйскіх, якіх зараз абвінавачваюць у супрацоўніцтве з крыміналітэтам. Улады кажуць, што высокапастаўленых супрацоўнікаў сярод іх няма.

Самую падрабязную справаздачу на раніцу 3 ліпеня прадставіла ангельскае Нацыянальнае агенцтва па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. У ведамстве распавялі, што сумесная апэрацыя доўжылася з 2016 года і каардынавалася праз Эўрапол.

У Злучаным Каралеўстве ў апэрацыі ўдзельнічалі больш за 500 чалавек.

Вось што вядома пра тое, што канфіскавалі ў затрыманых:
— 54 мільёны фунтаў наяўнымі Пачкі грошай захоўваліся, напрыклад, у тумбачках у ложку ці ў пакетах супэрмаркетаў Tesco. Некаторыя грошы былі схаваныя ў шафе з адзеньнем;
— больш за дзьве тоны наркотыкаў (паўтары тоны з іх — какаін);
— 28 млн таблетак этызаляму (сэдатыўныя лекі, у Вялікай Брытаніі іх называюць «вулічным валіумам»);
— 77 адзінак зброі (у тым ліку аўтаматы Калашнікава);
— 55 аўтамабіляў прэміюм-класа.

У Нідэрляндах у затрыманых таксама канфіскавалі каля 20 млн эўра, 8 тон какаіну і 1,2 тоны мэтамфэтаміну. Францыя абвесьціць вынікі апэрацыі Venetic пазьней, у Нацыянальнай жандармэрыі сказалі, што яна яшчэ не завершаная.

Затрыманыя будуць абвінавачаныя ў забойствах і замахах на забойства, у гандлі наркотыкамі, рабаваньні і вулічных нападах.

Апэрацыя стала магчымая дзякуючы таму, што паліцыянтам удалося ўзламаць мабільную аплікацыю EncroChat. Яго прыдумала легальная кампанія з Нідэрляндаў, яна прадавала гэты мэсэнджэр як абсалютна абаронены ад любых зьнешніх узьдзеяньняў.

«Здаецца, у нас праблемы»
Мэсэнджэр быў даступны для тэлефонаў з апэрацыйнай сыстэмай Android і для апаратаў Blackberry. Паслуга каштавала каля 1,5 тыс. эўра за паўгода.

Прычым кампанія сама ўсталёўвала мэсэнджэр на новыя тэлефоны і прадавала іх. Спампаваць аплікацыю проста так было немагчыма.

Аплікацыя была схаванай. Калі націснуць кнопку ўключэньня тэлефона адзін раз, загружалася звычайная апэрацыйная сыстэма. Але калі націснуць на яе двойчы запар, тады апарат перазагружаўся і карыстальнік атрымліваў доступ да чату.

Па зьвестках брытанскай паліцыі, EncroChat выкарыстоўвалі больш за 60 тыс. чалавек, у тым ліку 10 тыс. У Вялікай Брытаніі. У францускай жандармэрыі лічаць, што 90% карыстальнікаў гэтага мэсэнджэру ўцягнутыя ў злачынную дзейнасьць.

У Нацыянальным агенцтве па барацьбе з злачыннасьцю Вялікай Брытаніі падазраюць, што мэсэнджэр выкарыстоўваўся для адмываньня грошай і для незаконнага гандлю.

Гэтым жа мэсэнджэрам карысталіся двое жыхароў Вялікай Брытаніі, якія атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны за двайное забойства — злачыннага аўтарытэта Пола Мэсі па мянушцы «Містэр Біг» і яго змоўшчыка Джона Кінсэла.

Паліцыя ня кажа, калі яна пачала сачыць за падазраванымі, але ў EncroChat да апошняга ня ведалі, што яна вядзецца. Толькі 13 чэрвеня карыстальнікі атрымалі ад кампаніі папярэджаньне аб тым, што сыстэма ўзламаная і што ад тэлефонаў з мэсэнджэрам трэба неадкладна пазбавіцца.

Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасьцю апублікавала некаторыя паведамленьні, дасланыя адразу пасьля атрыманага папярэджаньня. У іх гаварылася: «Нам канец» і «Здаецца, у нас вялікія праблемы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG