Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцу «Славянскага базару» Аляксея Гроса адлічылі з Унівэрсытэту культуры


Аляксей Грос
Аляксей Грос

Аляксей Грос вучыўся на IV курсе завочнага аддзяленьня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. 1 ліпеня ён атрымаў лістом выпіску з загаду аб адлічэньні. Фармулёўка — «з ініцыятывы ўстановы адукацыі за акадэмічную непасьпяховасьць».

Сьпявак лічыць, што адбылося гэта пасьля ягоных выказваньняў «за справядлівыя выбары» ў сацыяльных сетках. Аляксей напісаў пост у Інстаграме «Сорамна быць крывадушцам».

«Прычына — публікацыі ў Instagram, дзе я ўсяго толькі выказваю сваё меркаваньне як грамадзянін Беларусі што да перадвыбарчай сытуацыі ў краіне, дый сытуацыі ў цэлым, дзялюся сваёй рэакцыяй на затрыманьні мірных людзей і зьбіраю людзей для ўдзелу ў валянтэрскай дапамозе лекарам», — мяркуе сьпявак.

Канцэртная дзейнасьць (Аляксей працуе ў Тэатры эстрады) перашкодзіла здаць два залікі ў зімовую сэсію. Аляксей прызнаецца, што і раней здараліся праблемы — з прычыны занятасьці і канцэртаў у сэсію недаздаваў адзін-два залікі.

«Але ў мяне заўсёды былі добрыя ўзаемаадносіны з „адміністрацыйным крылом“, з куратарам, з дэканам. Дамаўляліся, здаваў пазьней. Дэкан Алена Яўгенаўна Корсакава заўсёды мне ішла насустрач, як і іншым завочнікам — мы ж працуем.

У красавіку я прыехаў ва ўнівэрсытэт. Мне прапанавалі альбо напісаць заяву на акадэмічны адпачынак, альбо цягам месяца ўсе „хвасты“ даздаць. Вырашыў здаць залікі. А тут пачалася пандэмія, выкладчыкаў не было на месцы. Мне сказалі ў дэканаце, што калі сытуацыя нармалізуецца, мне патэлефануюць, і я здам. Але 1 ліпеня прыйшоў ліст за подпісам рэктара, што я адлічаны — за акадэмічную непасьпяховасьць».

Загад падпісаны рэктарам Алінай Корбут 15 чэрвеня, ліст прыйшоў 1 ліпеня. А 2 ліпеня сьпеваку патэлефанавалі зь Мёраў, дзе ён павінен выступаць на ўрачыстасьцях, прысьвечаных Дню незалежнасьці, што яго выступ скасаваны, хоць на канцэртнай афішы імя Аляксея Гроса было.

Крыху раней ягоныя выступы зьнялі з «Прэзыдэнцкага балю» для выпускнікоў і са сьвяточных канцэртаў да афіцыйнага Дня Незалежнасьці ў Палацы Рэспублікі і каля стэлы «Менск — горад-герой», а таксама з адкрыцьця «Славянскага базару», куды традыцыйна запрашаюць пераможцаў мінулых гадоў.

«Я не скажу, што я засмучаны. Проста непрыемна. У маім разуменьні гэта „бязьмежжа“. Я зразумеў, што мне хочуць указаць маё месца. Мне перакрываюць усе канцэртныя пляцоўкі. Калі для сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі людзі культуры, мастацтва і мэдыя — безаблічныя пэрсанажы і скамарохі, мне сорамна, што я быў часткай гэтага мэханізму, выступаў на гэтых урадавых канцэртах. Адзінае, крыўдна, што ў нас няма альтэрнатыўных канцэртных пляцовак.

А яшчэ мне сорамна жыць у краіне, дзе няма сумленных выбараў, дзе затрымліваюць людзей, дзе перасьледуюць за перакананьні і нават за пасты ў сацыяльных сетках», — сказаў Свабодзе Аляксей.

Рэдакцыі пакуль не ўдалося зьвязацца з кіраўніцтвам БДУКІ.

Аляксей Грос — 30-гадовы сьпявак родам з Салігорску (сапраўднае прозьвішча Шкраба). Заваяваў гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» 2016 году. Атрымліваў узнагароду з рук Аляксандра Лукашэнкі, меў таксама спэцыяльны прыз «парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі». Неаднаразова спрабаваў прайсьці адбор на «Эўравізію».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG