Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура адказала на скаргу аб дыскрымінацыі жанчын у заявах Лукашэнкі


Толькі жанчыны, ілюстрацыйнае фота
Толькі жанчыны, ілюстрацыйнае фота

Жанчыны — сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымалі адказ на свой зварот, які ў сярэдзіне чэрвеня накіравалі на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

Падставай для скаргі сталася выказваньне Аляксандра Лукашэнкі падчас наведваньня Менскага трактарнага заводу, калі ён заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну, і грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну».

«Лічым, што такое нэгатыўнае выказваньне зьяўляецца наўпроставай дыскрымінацыяй паводле гендэрнай прыкметы, чым парушаюцца нашы правы як грамадзянак», — гаварылася ў супольнай заяве.

Згодна з артыкулам 14 закону «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» жанчыны патрабавалі:

• Зрабіць захады дзеля аднаўленьня правоў і законных інтарэсаў грамадзянак Рэспублікі Беларусь

• Прыцягнуць парушальніка ў асобе Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці, вызначанай заканадаўчымі актамі

• Даць кампэтэнтны адказ на адзначаныя факты дыскрымінацыі.

Адказ прыйшоў за подпісам намесьніка начальніка аддзелу нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян Паўла Елісеева.

Чыноўнік піша, што ў выкладзенай інфармацыі фактаў канкрэтных парушэньняў заканадаўства, сацыяльных і палітычных правоў жанчын ня ўтрымліваецца. А пытаньні, якія закранаюцца, носяць характар дыскусіі і палемікі.

«У цяперашні час правы жанчын свабодна выбірацца і быць абранымі ў поўнай меры гарантуюцца і рэалізуюцца ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», — піша прадстаўнік Генпракуратуры, дадаючы, што падставаў, каб разглядаць зварот па сутнасьці, няма.

Аўтараў скаргі адказ не задаволіў

Аўтары скаргі выказалі нязгоду з такім адказам, пра што яны паведамілі Свабодзе. Яны нагадваюць, што гэта ня першае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі адносна таго, што «чалавек у спадніцы» ня вытрымае прэзыдэнцкай ношы, і зьбіраюцца аспрэчваць адказ прадстаўніка Генпракуратуры.

У сваёй нязгодзе з адказам Генпракуратуры яны спасылаюцца на артыкул 8 Канстытуцыі Беларусі, які прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забясьпечвае адпаведнасьць ім заканадаўства. Згодна з артыкулам 7 Канвэнцыі ААН, дзяржавы-ўдзельніцы прымаюць абавязаньні ліквідаваць усе формы дыскрымінацыі жанчын у палітычным і грамадзкім жыцьці краіны. У прыватнасьці, дзяржава абавязаная забясьпечыць жанчын на роўных умовах з мужчынамі правам быць абранымі ва ўсе публічныя ўстановы, удзельнічаць у фармуляваньні і ажыцьцяўленьні палітыкі ўраду і займаць дзяржаўныя пасады.

Яны мяркуюць, што беларуская дзяржава павінна выконваць палажэньні Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG