Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША жорстка адрэагавалі на ўхвалены Пэкінам «ганконскі закон» 


Паліцыя абшуквае людзей у Ганконгу

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо папярэдзіў пра контразахады супраць Кітаю ў адказ на закон аб нацыянальнай бясьпецы ў Ганконгу.

«Вельмі сумны дзень для Ганконгу і для людзей, якія любяць свабоду ў Кітаі. Злучаныя Штаты не застануцца абыякавымі, калі Кітай праглыне Ганконг сваёй аўтарытарнай пашчай», — адзначыў Пампэо ў заяве, разьмешчанай на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.

Ён сказаў, што ЗША будуць падтрымліваць жыхароў Ганконгу і «адрэагуюць на напады Пэкіну на свабоду слова, прэсу, сходы і вяршэнства закону».

30 чэрвеня кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін падпісаў Ганконскі закон аб бясьпецы, які раней быў падтрыманы Пастаяннай камісіяй Нацыянальнага народнага сходу.

Дакумэнт прадугледжвае, што Кітай створыць агенцтва ў горадзе са сваімі афіцэрамі і пракурорамі. Яны павінны дасьледаваць «цяжкія злачынствы супраць нацыянальнай бясьпекі».

Падрыўныя дзеяньні, сэпаратызм, тэрарызм і супрацоўніцтва з замежнымі сіламі будуць карацца як мінімум 10 гадамі пазбаўленьня волі. У некаторых выпадках прадугледжанае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Ганконг знаходзіўся пад уладай Вялікай Брытаніі да 1997 году, пасьля чаго адышоў да Кітая з захаваньнем спэцыяльных адміністрацыйных правілаў.

У апошнія гады на горад чыніцца ціск з боку Пэкіну. Ганконская апазыцыя заяўляе, што камуністычная партыя Кітая адыходзіць ад дэкляраванага прынцыпу «адна краіна, дзьве сыстэмы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG