Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія паабяцала грамадзянства тром мільёнам жыхароў Ганконгу


Сцэна з пратэсту ў Ганконгу, 24 траўня 2020

Вялікая Брытанія гатовая прыняць у сябе да трох мільёнаў жыхароў Ганконгу ў выпадку, калі Кітай працягне ціск на мэгаполіс. Пра гэта ў газэце Times заявіў прэм’ер-міністар краіны Борыс Джонсан. Яны атрымаюць магчымасьць прыдбаць брытанскае грамадзянства.

«Калі спатрэбіцца, брытанскі ўрад пойдзе на такі крок — і зробіць гэта добраахвотна, — напісаў Джонсан. — Многія з жыхароў Ганконгу баяцца, што іх лад жыцьця апынуўся пад пагрозай, нягледзячы на тое, што Пэкін абяцаў яго захаваць. Калі Кітай сваімі дзеяньнямі прадэманструе, што гэтыя страхі абгрунтаваныя, Брытанія ня зможа проста паціснуць плячыма і адысьці ў бок. Мы выканаем свой абавязак і прапануем альтэрнатыву».

Джонсан паабяцаў шлях да грамадзянства для ўсіх жыхароў гораду, якія маюць права на заморскі пашпарт Каралеўства. Гэтым дакумэнтам валодаюць каля 350 тысяч ганконгцаў, і яшчэ 2,6 мільёна могуць яго атрымаць як былыя жыхары брытанскай калёніі. Цяпер такі пашпарт не дае права на працу ў Вялікай Брытаніі або на грамадзянства, але прэмʼер-міністар заявіў, што каралеўства гатовае пайсьці на значныя зьмены ў візавай сыстэме і адмяніць гэтыя абмежаваньні.

Ганконг кіраваўся Вялікай Брытаніяй да 1997 году, пакуль ня быў перададзены Кітаю пры ўмове захаваньня ў горадзе адмысловых адміністрацыйных правілаў. У апошнія гады горад адчувае ціск з боку Пэкіну, ганконская апазыцыя заяўляе, што кіраўнічая кампартыя Кітаю адыходзіць ад дэкляраванага прынцыпу «адна краіна — дзьве сыстэмы».

Зь вясны 2019 году да пачатку пандэміі каранавірусу ў сьнежні летась у Ганконгу працягваліся пратэсты, выкліканыя спробай прыняць у горадзе закон аб выдачы падазраваных у злачынствах судам кантынэнтальнага Кітаю. У выніку пратэстаў закон быў адкліканы. Апазыцыя пасьпяхова выступіла на муніцыпальных выбарах.

Пасьля гэтага Кітай распрацаваў законапраект аб бясьпецы, які ўвядзе крымінальную адказнасьць за любую дзейнасьць, якую кіраўніцтва КНР палічыць падрывам яго ўлады і аўтарытэту ў Ганконгу, і распаўсюдзіць на аўтаномію паўнамоцтвы іх спэцслужбаў. Апазыцыя і многія краіны міжнароднай супольнасьці заяўляюць, што закон падрывае аўтаномію гораду. Кітай называе міжнародную рэакцыю ўмяшаньнем у свае ўнутраныя справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG