Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу ўспыхнулі пратэсты супраць уладаў Кітаю


Акцыя пратэсту 24 траўня

У Ганконгу ў нядзелю тысячы людзей прынялі ўдзел у дэманстрацыях супраць плянаў уладаў Кітаю абмежаваць аўтаномію. Гэта была першая масавая акцыя пратэсту пасьля пачатку пандэміі, празь якую ў Ганконгу былі ўведзеныя жорсткія карантынныя меры.

Частка зь іх не адмененыя да гэтага часу – у прыватнасьці, забаронена зьбірацца групамі больш васьмі чалавек. Забарона, аднак, не перашкодзіла людзям выйсьці на акцыю пратэсту.

У шэрагу месцаў паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ, некалькі чалавек былі затрыманыя.

Улады КНР унесьлі ў парадак дня Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, сэсія якога распачалася ў пятніцу, законапраект аб нацыянальнай бясьпецы ў Ганконгу.

Пра тое, што Ганконг у тэрміновым парадку павінен прыняць уласны закон аб нацыянальнай бясьпецы для стрыманьня актаў гвалту і сэпаратызму, кітайскія ўлады заявілі ў красавіку. Пэкін лічыць, што пратэсты летам мінулага года нанесьлі ўдар па вяршэнству права ў аўтаноміі. Да сфэры нацыянальнай бясьпекі кітайскія ўлады таксама аднесьлі барацьбу з эпідэміяй COVID-19. Падтрыманая Кітаем адміністрацыя Ганконгу заявіла, што выступае за прыняцьце дакумэнта. Выступаючы на сэсіі ў нядзелю, міністар замежных спраў Кітаю Ван І заклікаў без прамаруджаньня ўхваліць дакумэнт.

Злучаныя Штаты асуджаюць КНР за аднабаковае навязваньне Ганконгу новага закона аб нацыянальнай бясьпецы. Паводле слоў дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо, гэты крок ідзе насуперак з заканадаўствам рэгіёну і не ўлічвае меркаваньне жыхароў горада. Законапраект асудзілі таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Летам мінулага года прапэкінскае кіраўніцтва Ганконгу вырашыла прыняць закон аб экстрадыцыі падазраваных у злачынствах матэрыковаму Кітаю. Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту. Яны суправаджаліся сутыкненьнямі з паліцыяй. Пасьля масавых дэманстрацый улады адклікалі законапраект, але пратэстоўцы працягвалі выходзіць на вуліцы і патрабаваць большай незалежнасьці ад Кітаю і вызваленьня ўсіх затрыманых актывістаў. Пасьля пачатку эпідэміі, аднак, масавыя акцыі да апошняга часу не праводзіліся.

Кіраўнік МЗС Кітаю ў сваім выступе раскрытыкаваў Злучаныя Штаты – ня толькі ў сувязі з Ганконгам, але і з прычыны абвінавачваньняў ЗША ў адрас Кітаю ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавірусу. Па словах Ван І, некаторыя сілы ў ЗША «штурхаюць дзьве нашыя краіны на мяжу новай халоднай вайны». Ван І адхіліў заклікі да Кітаю выплаціць кампэнсацыі ў сувязі з успышкай COVID-19 і заявіў, што любое расьсьледаваньне яе прычын павiнна ажыцьцяўляцца пад эгідай САЗ. Ён таксама высока ацаніў адносіны Кітаю з Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG