Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва» вярнулася на стары адрас Nn.by


Незалежнае беларускае выданьне «Наша ніва» вярнулася на адрас Nn.by у ноч на 30 чэрвеня. Пяць дзён таму рэдакцыя была страціла гэты дамэн.

«Наша ніва» тады тлумачыла, што ў яе забралі гэты адрас, бо рэдакцыя пратэрмінавала аплату арэнды дамэна. Электронная пошта адфільтравала ў спам лісты з напамінам пра запазычанасьць, гавораць у рэдакцыі, а ад пачатку 2020 году пратэрміноўка аплаты нават на адзін дзень робіцца падставай для таго, каб дамэн адабралі і выставілі на аўкцыён. Сайт Nn.by быў зарэгістраваны ў кампаніі «Адкрыты кантакт», рэдакцыя ўжо зьвязалася і з кампаніяй, і з кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі, аднак да вечара 25 чэрвеня нічога ня вырашылася. Выданьне «пераехала» на адрас Nashaniva.by.

Па стане на раніцу 30 чэрвеня па адрасе Nn.by ужо адкрываецца старонка выданьня «Наша ніва». Дамэн цяпер зарэгістраваны на прыватнае прадпрыемства «ННбай» (выданьнем валодае кампанія пад іншай назвай, прыватнае прадпрыемства «Суродзічы»), у кантактах уладальніка дамэна пазначаны Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай нівы».

Марціновіч растлумачыў Свабодзе: хоць дзяржаўныя органы не пайшлі насустрач выданьню ў вяртаньні дамэна, вярнуць адрас атрымалася «юрыдычнымі спосабамі», не заплаціўшы ні рубля. Марціновіч адзначае, што да выданьня зьвярталіся нават бізнэсоўцы, якія прапаноўвалі фінансавую падтрымку для вяртаньня дамэна, але гэтага не спатрэбілася.

«Мы змаглі вярнуць дамэн; гэта справядліва, бо я лічу, што яго не было за што адбіраць, — кажа ён Свабодзе. — Гэтым дамэнам мы карысталіся 15 гадоў, сотні тысяч чытачоў ведалі, на які адрас заходзіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG