Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайт «Радыё Рацыя» адбылася DDoS-атака


Скрыншот сайту Радыё Рацыя

24 чэрвеня не было доступу да сайту «Радыё Рацыя». Супрацоўнікі таксама ня мелі доступу і да яго сыстэмы адміністраваньня. Наступным днём рэдакцыя газэты «Наша ніва» страціла свой інтэрнэт-дамэн.

Цягам 24 чэрвеня падчас спробы зайсьці на інфармацыйны рэсурс Racyja.com у браўзеры зьяўлялася паведамленьне «error 521». Гэтая памылка ўзьнікае, калі вэб-сэрвэр раптоўна губляе сувязь з сэрвісам CloudFlare.

Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюць гэты сэрвіс для дадатковай абароны ад DDoS-атак і хутчэйшага ладаваньня зьместу сваіх сайтаў.

DDos-атаку ўчыняюць звычайна з дапамогай бот-сеціва, якое няспынна генэруе вялікую колькасьць пакетаў альбо запытаў на мэтавую сыстэму, і яна ў выніку перагружаецца.

25 чэрвеня ўправа «Радыё Рацыя» праінфармавала, што працу сайту аднавілі пасьля DDoS-атакі. Аднак цягам наступных дзён ня выключаныя тэхнічныя збоі.

У ноч на 25 чэрвеня перастаў адкрывацца вэб-сайт выданьня «Наша ніва». Некаторыя карыстальнікі кажуць, што сайт адкрываецца толькі праз апэратара МТС у Беларусі. За межамі краіны сайт таксама недасяжны. Рэдакцыя высьвятляе прычыны.

Тым часам на старонцы дамэнных зонаў .by і .бел паведамляецца, што дамэн Nn.by «недасяжны для рэгістрацыі» і «будзе рэалізаваны праз дабрачынны аўкцыён».

Раней новапрызначаны кіраўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі заявіў, што стратэгія яго ведамства ў інтэрнэце будзе палягаць у тым ліку ў тым, каб «абмежаваць насельніцтва» ад зьвестак, якія наносяць шкоду дзяржаве.

«Мы бачым, што ўжо цяпер, у пэрыяд важнай палітычнай кампаніі, адбываецца ў сетцы інтэрнэт, у сацыяльных сетках, на старонках сайтаў, на відэагостынгу. Можа камусьці здацца, што гэта нешта бяскрыўднае, але гэта вельмі сур’ёзна ўплывае на тое, што адбываецца ў краіне і тое, як будзе разьвівацца краіна», — заўважыў ён.

Як мяркуе чыноўнік, важна «адвеяць зерне ад паловы» і даць людзям дакладную, зразумелую і праўдзівую інфармацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG