Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава ўмыла рукі: як валянтэры дапамагаюць людзям вадой


Чарга па ваду, якую прывезьлі валянтэры ў Менску, 25 чэрвеня 2020

Як і сотні тысяч іншых людзей у Менску, апошнія некалькі дзён я не магу карыстацца вадой, што льецца з кранаў. Чыноўнікі кажуць, што ўсё ўжо ў норме, але я больш веру ўласным адчуваньням, чым іх словам. Вада незвычайна пахне, а пасьля кантакту зь ёй мне шчыпле скуру.

Чарговы раз стала ясна, што ў надзвычайных сытуацыях спадзявацца на дзяржаву бессэнсоўна. І што мы здольныя самаарганізавацца і вырашыць усё безь яе настолькі хутка і якасна, наколькі гэта магчыма без цэнтралізаваных базаў дадзеных, адміністрацыйнага рэсурсу і не асабістага бюджэту.

Пакуль чыноўнікі запэўнівалі нас, што ўсё ў парадку, неабыякавыя людзі стварылі чаты ў розных мэсэнджарах і арганізавалі падвоз вады на запыты людзей. Яны нічога не прасілі ўзамен і трацілі свой час, сілы і грошы, каб дапамагчы знаёмым і незнаёмым. Спачатку людзі ў чэргах ставіліся да валянтэрскай дапамогі насьцярожана, але даволі хутка ўсе зарыентаваліся і перасталі баяцца.

У чацьвер, 25 чэрвеня, я правяла ў чаканьні вады сем гадзін і атрымала яе толькі дзякуючы неабыякавым людзям. У дзяржаўнай цыстэрне вада скончылася ў 9:30 раніцы, машына паехала на дазапраўку і больш не вярнулася. У службе 115 мне сказалі, што перададуць заяўку ў водаканал, каб нам прыслалі цыстэрну. У водаканале праз паўтары гадзіны я пачула шэдэўральнае «ў вас там стаіць цыстэрна» і «я не адказваю за ваду». Я папрасіла даць мне кантакт чалавека, які хоць за нешта адказвае, і мне далі два гарадзкія нумары, але там ніхто не здымаў слухаўку.

Я была не адзінай у чарзе, хто спрабаваў дабіцца адказаў ад дзяржаўных службаў, але гэта не дапамагло. Дапамаглі толькі запыты ў чат узаемадапамогі. Праз паўгадзіны пасьля першага майго паведамленьня да нас пачалі пад’яжджаць людзі і прывозіць ваду. Спачатку здавалася, што гэта кропля ў моры, але хутка стала зразумела, што гэтымі кроплямі нас і ўратуюць.

Нехта прывозіў ваду, нехта забіраў у людзей пустую тару і праз гадзіну вяртаў яе напоўненай. Паціху чарга стала драбнець і бліжэй да 16:00 зьнікла зусім.

На працягу дня мне некалькі разоў званіла маці і расказвала, што ў навінах рапартуюць, што ў нас тут стаіць цыстэрна. Гэты адрас быў у афіцыйным сьпісе Менскводаканалу, і ніякія запыты людзей не прымусілі арганізацыю прыбраць непраўдзівыя зьвесткі.

Дзяржава чарговы раз ня справілася са складанай сытуацыяй і ў лепшых традыцыях нават ня стала прызнаваць свае памылкі. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што «ўсе лякарні і паліклінікі, якія сутыкнуліся з праблемамі якасьці водаправоднай вады, забясьпечваюцца чыстай вадой сіламі МНС, Мінабароны і Менскводаканалу». Таксама Мінздароўя прапанавала «ўсім валянтэрам пераключыцца на дапамогу адзінокім, інвалідам і пажылым грамадзянам, якія маюць цяжкасьці з забесьпячэньнем сябе пітной вадой». Гэта было 25 чэрвеня. На наступны дзень, мяркуючы па чаце ўзаемадапамогі, валянтэркі і валянтэры працягвалі вазіць у лякарні чыстую ваду.

Сёньня ўжо 29 чэрвеня. Чыноўнікі рапартуюць, што ўсё ў парадку. Цыстэрнаў з вадой на вуліцах больш няма. У чатах людзі працягваюць паведамляць, зь якімі наступствамі яны сутыкаюцца, калі вырашаюць усё ж прыняць душ ці памыць бялізну вадой з-пад крана. Пэрыядычна зьяўляюцца новыя запыты, і неабыякавыя людзі зноў вязуць некаму чыстую ваду.

Дзяржава ўмыла рукі, і мне вельмі хочацца верыць, што ў яе хоць бы зьявіцца сьверб.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG