Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штурмаўшчына, нерэальныя пляны, няякасныя матэрыялы» — КДБ пра тое, як будаваліся АЭС


Чарнобыльская АЭС да аварыі
Чарнобыльская АЭС да аварыі

«У сувязі з правядзеньнем плянавага капітальнага рамонту 1-га энергаблёку Чарнобыльскай АЭС, які намечана завяршыць 13 верасьня сёлета, 9.9.82 г. праводзіўся пробны пуск рэактара. Пры ўздыме яго магутнасьці да 20 адсоткаў адбыўся разрыў аднаго з 1640 тэхналягічных каналаў...»

Гэта цытата з тэрміновага сакрэтнага паведамленьня, пасланага з Кіева ў Маскву 10 верасьня 1982, сьведчыць аб першай аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая прывяла да выкіду радыяактыўных рэчываў. Пра яе маштабы і шкоду для навакольнага асяродзьдзя і здароўя чалавека стала вядома пазьней, калі завяршылася расьсьледаваньне, якое праводзілі супрацоўнікі КДБ УССР.

Толькі праз два месяцы, 5 лістапада 1982-га, у дакумэнтах зьяўляюцца дадзеныя аб павышаных паказьніках радыяцыі паблізу станцыі і ў населеных пунктах на поўдзень і паўднёвы захад ад АЭС: «Спэцыялістамі ІЯІ АН УССР на глебе ў раёне хутара Чыстагалоўка (за 5 кілямэтраў на паўднёвы захад ад АЭС) таксама зарэгістраваны „гарачыя“ часьцінкі памерам 10÷20 мікрон і актыўнасьцю ад 10ˉ10 да 10ˉ7 кюры. На іх думку, пацьверджаную дадзенымі апэратыўных крыніц, гэтыя часьцінкі ўяўляюць найбольшую небясьпеку, бо ў выпадку трапляньня ў арганізм чалавека могуць выклікаць цяжкія захворваньні».

Як можна было пазьбегнуць аварыі

Праз два гады ў дакумэнтах КДБ гэтая аварыя апісваецца ўжо «як адна з самых сур’ёзных у гісторыі атамнай энэргетыкі». Так пра яе паведамляюць у сакрэтнай справаздачы ад 1 кастрычніка 1984-га. Тут жа гаворыцца, што ў графітавую кладку рэактара трапіла вялізная колькасьць вады і гэта стварыла ўмовы для карозіі мэталу і рызыкі паўторнай аварыі, а прычынай таго, што адбылося, названае «невыкананьне тэхналёгіі вырабу тэхналягічных каналаў». Да магутнага выбуху, які здарыўся 26 красавіка 1986 на чацьвёртым блёку Чарнобыльскай АЭС, заставалася некалькі гадоў, але ўжо ў пачатку 1980-х яго можна было пазьбегнуць.

Першая старонка справы з рассакрэчаных архіваў Службы бясьпекі Ўкраінскай ССР, дзе сабраныя дакумэнты, што тычацца Чарнобыльскай АЭС
Першая старонка справы з рассакрэчаных архіваў Службы бясьпекі Ўкраінскай ССР, дзе сабраныя дакумэнты, што тычацца Чарнобыльскай АЭС

Цытаваныя дакумэнты апублікаваныя ў другім зборніку рассакрэчаных дакумэнтаў «Чарнобыльскае дасье КДБ. Ад будаўніцтва да аварыі». У першым томе, апублікаваным год таму, апавядалася пра выбух на чацьвёртым блёку ЧАЭС 26 красавіка 1986-га. У другім томе дасьледнікі засяродзіліся на архіўных матэрыялах аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі, якое пачалося ў 1970 годзе. Аварыі і выкіды радыяактыўных рэчываў, несанкцыянаваныя зьмены праектнай дакумэнтацыі, няякасныя будаўнічыя матэрыялы, праблемы ў працы атамнага рэактара, некваліфікаваная рабочая сіла, а таксама адсутнасьць якой-кольвечы рэакцыі на гэтыя парушэньні, акрамя як у справаздачах шостага ўпраўленьня КДБ. Пра ўсё гэта расказваецца ў апублікаваным зборніку.

Амаль усе аварыі былі зьвязаныя зь няякаснымі матэрыяламі, выкарыстанымі пры будаўніцтве

У зборніку сабралі 229 рассакрэчаных дакумэнтаў КДБ УССР і СССР, 190 зь іх публікуюцца ўпершыню. Гэта вынік сумеснай працы дасьледнікаў з Інстытуту гісторыі Ўкраіны, галіновага дзяржаўнага архіву Службы бясьпекі і Інстытуту нацыянальнай памяці. Акрамя інфармацыі аб праблемах падчас узьвядзеньня Чарнобыльскай АЭС, у кнізе можна знайсьці зьвесткі аб аварыях і падобных праблемах на іншых атамных электрастанцыях Савецкага Саюзу, у тым ліку і на тых, якія цяпер разьмяшчаюцца на тэрыторыі Расеі. У даведцы, падрыхтаванай 25 ліпеня 1983-га шостым упраўленьнем КДБ СССР у Маскве, расказваецца пра тое, што амаль усе аварыі былі зьвязаныя зь няякаснымі матэрыяламі, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве.

Вось некалькі цытат:

У лютым 1983 году на Ленінградзкай АЭС пасьля 22 тыс. гадзін эксплюатацыі (што складае 1,5-2% прадугледжанага пэрыяду работы) адбылося пашкоджаньне зварнога ротара турбіны К-500, вырабленага Харкаўскім турбінным заводам Мінэнэргамашу СССР. Скразная расколіна, якая зьявілася на кальцавым зварным шве, распаўсюдзілася з унутранай паверхні дыска да вонкавай і мела працягласьць да 2/3 пэрымэтра. На гэтай жа электрастанцыі ў выніку спыненьня турбіны з прычыны моцнай вібрацыі была папярэджана буйная аварыя энэргаблёка з рэактарам РБМК1000. Прычынай пашкоджаньня паслужылі пачатковыя расколіны тэхналягічнага характару. Гэтыя расколіны паўсталі пры зварцы і не былі выяўлены на заводзе-вытворцы пры правядзеньні ўльтрагукавога кантролю. Адна з асноўных прычын зьяўленьня такіх расколін — нездавальняючая тэхналёгія, якая ўжываецца на Харкаўскім турбінным заводзе.

У 1979 годзе на Кольскай АЭС адбылося расшчыльненьне зварнога шва корпусу галоўнай запорнай засаўкі, што магло прывесьці да ўцечкі радыяактыўных рэчываў і заражэньня навакольнай мясцовасьці. Агляд паказаў, што 5 галоўных засавак з 12, што эксплуатуюцца, мелі аварыйна-дэфэктныя кальцавыя швы, у якіх знаходзіліся завараныя на заводзе-вытворцы (Чэхаўскі арматурны завод) пруткі, што зьяўляецца вельмі грубым парушэньнем тэхналёгіі вытворчасьці. Гэта прывяло да зьніжэньня на 20-30% разьліковага перасеку шва і зьяўленьня канцэнтратараў напругі...

У гэтай сытуацыі былі прынятыя экстраныя меры для абсьледаваньня якасьці галоўных запорных засавак шэрагу АЭС. Так, на Нова-Варонескай АЭС праведзена праверка блёкаў №№ 1-3, на Кольскай АЭС блёка № 2, на АЭС «Норд» (ГДР) усіх блёкаў. З 72 галоўных засавак было заменена больш за 30%, астатнія засаўкі былі пакінуты ў эксплуатацыі, але з дэфэктамі, якія перавышаюць дапушчальны ўзровень, што ў будучыні можа прывесьці да сурʼёзных аварый.

Пры мантажы абсталяваньня энэргаблёкаў № 4 Нова-Варонескай АЭС і № 1 Кольскай АЭС на ўнутранай паверхні карпусоў рэактараў былі выяўлены кальцавыя расколіны працягласьцю да 1500-2000 мм, глыбінёй да 11-12 мм, разьмешчаныя ў каляшоўнай зоне асноўных зварных швоў. У выніку гэтага прыйшлося выдаляць расколіны шліфоўкай, што зьяўляецца часовай мерай. Прычына гэтых пашкоджаньняў — нездавальняючае канструктыўна-тэхналягічнае афармленьне вырабаў, што пастаўляюцца прадпрыемствамі Мінэнэргамашу СССР.

Ужо тады ў многіх паведамленьнях спэцслужбаў гаворыцца аб рызыцы магчымых аварыяў у будучыні, аднак, нягледзячы на гэта, прадухіліць іх не ўдалося. Чаму так адбылося, у гутарцы з Аляксандрай Вагнэр тлумачыць адзін з рэдактараў зборніка дакумэнтаў, гісторык Алег Бажан:

«Усё так засакрэчвалі, што своечасова ніхто рэагаваць ня мог»

— Каб адказаць на ваша пытаньне, трэба разгледзець, што азначала атамная прамысловасьць для Савецкага Саюзу. Гэта была засакрэчаная галіна народнай гаспадаркі, усё гэта было зьвязана, умоўна кажучы, зь ядзерным шчытом СССР. Таму інфармацыя, зьвязаная зь дзейнасьцю і эксплуатацыяй атамных электрастанцый, была засакрэчаная. Нават на падставе агучаных дакумэнтаў відаць, што не было абмену досьведам. Адны і тыя ж праблемы ўзьнікалі на розных атамных электрастанцыях СССР.

Такі ж атамны рэактар, які выбухнуў на Чарнобыльскай АЭС, стаяў на Ленінградзкай АЭС, і там таксама былі праблемы, сыгналы і сьведчаньні таго, што гэты атамны рэактар вельмі дрэнна працуе. Але пра гэта ніхто, акрамя як у КДБ, ня ведаў. Чэкісты пісалі пра гэта, казалі пра неабходнасьць стварэньня вузкага кола форумаў, дзякуючы якім атамшчыкі маглі б абменьвацца паміж сабой інфармацыяй, але гэтага зроблена не было. Гэта значыць, усё так моцна засакрэчваюць, што своечасова ніхто рэагаваць ня мог, ніхто ня змог своечасова выправіць памылкі. Пра Чарнобыльскую АЭС уся гэтая інфармацыя ёсьць, а пра Ленінградзкую атамную электрастанцыю ёсьць такое дасье? Ёсьць падобныя справы па некалькі тамоў? Мы нічога ня ведаем. Можа быць, іх даўно спалілі, а можа, яны захоўваюцца.

Будаўніцтва новага саркафагу над чацьвёртым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС, 2016 год
Будаўніцтва новага саркафагу над чацьвёртым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС, 2016 год

«КДБ прадказваў новыя аварыі зь сярэдзіны 1970-х. Але стала зразумела, што найвышэйшыя інстанцыі на гэта не рэагуюць»

— Ніхто не рабіў арганізацыйных высноваў пасьля таго, калі пісалася ў вышэйшыя партыйныя інстанцыі аб тым, што ёсьць невыкананьне тых ці іншых нормаў пры будаўніцтве важных абʼектаў. Мы бачым, што кіраўніцтва і атамнай электрастанцыі, і Міністэрства энэргетыкі Ўкраінскай ССР, і саюзнага ўзроўню не рэагавала. То бок усе гэтыя справаздачы і запіскі клаліся ў стол. Гэта сапраўды так.

Напрыклад, у пачатку 1980-х была ўцечка радыяактыўных адкідаў, і камісія, якая пачала гэта расьсьледаваць, прыбыла на атамную электрастанцыю праз тры месяцы. Зноў жа, нікога ня звольнілі, ніякіх высноў ня зроблена. Супрацоўнікі КДБ ва Ўкраінскай ССР і вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Ўкраіны лічыла мэтазгодным адпраўляць у Маскву дакумэнты або лісты, якія адлюстроўвалі занепакоенасьць, каб там адрэагавалі. Але менавіта гэта крок за крокам набліжала тэхнагенную катастрофу. Рызыка яе ўзьнікненьня была, і гэта, напэўна, самае сумнае, што можна прачытаць у кнізе...

Супрацоўнікі КДБ УССР прадказвалі новыя аварыі зь сярэдзіны 1970-х. Але калі стала зразумела, што вышэйшыя інстанцыі на гэта не рэагуюць, танальнасьць лістоў, інфармацыйных паведамленьняў пачала мяняцца. У пачатку 80-х гадоў яны ўжо мелі выхалашчаны характар, просты інфармацыйны парадак. Чэкісты таксама зразумелі, што, паколькі на гэта мала рэагуюць, і мы ня будзем выяўляць асаблівага жаданьня, занепакоенасьці тым, што мела месца на ЧАЭС, — расказвае гісторык Алег Бажан.

Агентура КДБ на АЭС

Замест вырашэньня бягучых праблем, як можна прачытаць у сакрэтным дакумэнце ад 9 лiпеня 1976, КДБ цікавіла, хто займаецца будаўніцтвам Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, аднак не прафэсійныя якасьці спэцыялістаў знаходзіліся ў поле зроку:

На будаўніцтве Чарнобыльскай АЭС працуе 9294 чалавекі, зь іх у Дырэкцыі АЭС 857 чалавек. У будаўніцтве Чарнобыльскай АЭС бяруць удзел 40 субпадрадных арганізацый.

З апэратыўных кантынгентаў намі выяўлена:

  • асоб нямецкай нацыянальнасьці — 31 чалавек;
  • судзімых за асабліва небясьпечныя дзяржаўныя злачынствы — 4 чалавекі;
  • былых удзельнікаў АУНаўскага падпольля — 1 чалавек;
  • асоб кітайскай нацыянальнасьці — 2 чалавекі;
  • перапісчыкаў з капіталістычнымі краінамі — 11 чалавек.

Контравыведная праца на абʼекце вядзецца праз агентурны апарат, колькасьць якога 17 чалавек. Агентура расстаўленая на асноўных участках абʼекта, які будуецца.

У дакумэнце ад 25 траўня 1983 гаворыцца аб праблемах, якія існуюць у сувязі з адсутнасьцю некаторых сыстэм, што дазваляюць прадухіліць аварыі на атамных электрастанцыях, пабудаваных па ўсім СССР:

Так, у выпадку разрыву галоўнага цыркуляцыйнага трубаправоду ў выніку натуральнага старэньня мэталу і адсутнасьці сыстэмы аварыйнага заліву актыўнай зоны і ахоўнай абалонкі вакол рэактара, цепланосьбіт за 10-25 сэкундаў выцеча з контуру. Такім чынам, адбудзецца ўцечка радыяактыўных прадуктаў, самымі небясьпечнымі зь якіх зьяўляюцца ізатопы ёду, якія разбураюць шчытападобную залозу і выклікаюць сьмерць. У эпіцэнтры аварыі радыяактыўнасьць будзе ў 60 разоў вышэйшай, чым гэта было пры выбуху атамных бомбаў у Хірасіме і Нагасакі.

Названыя сродкі бясьпекі адсутнічаюць на эксплюатаваных у цяперашні час: 1 і 2 блёках рэактараў тыпу АМБ на Белаярской АЭС, 1 і 2 блёках АМБ і 3 і 4 блёках рэактараў тыпу ВВЭР-440 на Нова-Варонескай АЭС, 1 і 2 блёках рэактараў ВВЭР-440 на Кольскай АЭС, 1 і 2 блёках рэактараў ВВЭР-440 на Армянскай АЭС, 1 і 2 блёках рэактараў тыпу РБМК1000 на Ленінградзкай АЭС, 1 і 2 блёках рэактараў РБМК1000 на Курскай АЭС, 1 і 2 блёках рэактараў РБМК1000 на Чарнобыльскай АЭС.

Вокладка зборніка дакумэнтаў
Вокладка зборніка дакумэнтаў

Тры складнікі аварыі


— Дакумэнты, якія мы публікуем, узнаўляюць карціну будаўніцтва першай на тэрыторыі Украіны атамнай электрастанцыі, — апавядае гісторык Алег Бажан. — У іх адлюстравана храналёгія будаўніцтва першай, другой і трэцяй чаргі АЭС, а таксама як праходзіла расьсьледаваньне на першых этапах ліквідацыі аварыі. І на гэтую гісторыю мы можам паглядзець вачыма савецкіх спэцслужбаў.

На тэрыторыі Чарнобыльскай электрастанцыі пасьля выбуху дзейнічалі некалькі апэратыўна-сьледчых груп як КДБ СССР, так і савецкай Украіны. Раней вельмі мала пісалі пра тое, як яны ўзаемадзейнічалі паміж сабой. У комплексе гэта дае агульную карціну аб прычынах і наступствах аварыі, але самае галоўнае — вачамі спэцслужбаў мы можам паглядзець на прычыны катастрофы. Бо гаворка ішла ня толькі аб праблемах з самой канструкцыяй блёкаў і нават самога рэактара, але і пра памылкі падчас эксплуатацыі магутнага энэргетычнага абʼекта.

А трэцяй складовай часткай аварыі сталі арганізацыйна-кіраўнічыя прычыны. У сукупнасьці гэтыя дакумэнты даюць нам падставы зрабіць выснову аб тым, што катастрофу, якая здарылася 26 красавіка 1986, можна было не дапусьціць. Бо ўсе непаладкі, недахопы можна было прадухіліць яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў. Аб дэфэктах рэактара, які выбухнуў у 1986 годзе, КГБ Украіны паведамляла і вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву краіны, і па сваіх каналах на Лубянку.

«Штурмаўшчына, нерэальныя мэты і пляны»

Гэтыя дакумэнты таксама дазваляюць нам шырэй паглядзець на гісторыю народнай гаспадаркі Савецкага Саюзу. Яны ілюструюць прыроду савецкай эканомікі, паказваюць, як Савецкі Саюз у пэрыяд застою пачынаў, што называецца, прасядаць і адставаць ад Захаду. На прыкладзе галіны атамнай энэргетыкі можна ўбачыць, у якім стане было ўся народная гаспадарка СССР: штурмаўшчына, нізкая якасьць мантажна-будаўнічых работ, і мы ўсё гэта адчувалі ў нашым штодзённым жыцьці — дастаткова ўспомніць жыльлёвую праблему. Далей — нерэальныя мэты, пляны, нізкая кваліфікацыя працоўнай сілы — усё гэта добра прасочваецца ў дакумэнтах.

Мэмарыял у памяць пра ахвяраў Чарнобыльскай аварыі
Мэмарыял у памяць пра ахвяраў Чарнобыльскай аварыі

Таксама яны даюць нам магчымасьць паглядзець і вывучыць дзейнасьць розных упраўленьняў КДБ СССР. Цяпер мы больш-менш добра ведаем аб працы Пятага ўпраўленьня, накіраванага на барацьбу з дысыдэнтамі, а пра Шостае ўпраўленьне КДБ, якое працавала на абарону эканамічных інтарэсаў Савецкага Саюзу, ажыцьцяўляла эканамічную контравыведку, мы ведаем нашмат менш, таму што Шостае ўпраўленьне ўзьнікла ў 1982 годзе. У зборніку мы друкуем паведамленьні агентаў, інфарматараў, давераных асоб. Раней ніхто гэтага не публікаваў, і ніхто ня ведае, як выглядаў такі дакумэнт у 80-я гады. Пра 20-30-я гады нам добра вядома.

...Мы стараліся адбіраць ня толькі дакумэнты эканамічнага ці тэхналягічнага характару, але і тыя, якія адлюстроўвалі б штодзённасьць — што адбывалася ў горадзе Прыпяць падчас будаўніцтва станцыі, якія былі настроі сярод будаўнікоў, сярод супрацоўнікаў атамнай электрастанцыі, а яны пратэставалі яшчэ на этапе будаўніцтва з прычыны пабытовых умоваў, напрыклад.

Усе гэтыя новыя моманты можна выкарыстоўваць для далейшых дасьледаваньняў.

«Было б цікава даведацца пра досьвед Беларусі»

— Цяпер было б цікава абʼяднаць намаганьні вучоных ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі, і Расеі, магчыма, і краін былога сацлягеру, таму што яны таксама рэагавалі на радыяактыўнае воблака, якое пайшло ў бок Скандынавіі і Цэнтральнай Эўропы. Акрамя гэтага, ня варта забываць, што рэактары, якія стаялі на савецкіх атамных электрастанцыях, на ўсю моц эксплуатаваліся на тэрыторыях краін сацыялістычнай садружнасьці. Тая ж Казадуйская ГЭС у Баўгарыі. Таму ў гэтых краінах таксама рэагавалі на катастрофу і рабілі нейкія высновы з нагоды бясьпекі, дзеяньняў у сытуацыі, якая склалася. Варта абʼяднаць матэрыялы, якія засталіся ад Штазі, спэцслужбаў савецкай Вугоршчыны ці Чэхаславаччыны. Гэта дазволіла б паглядзець на падзеі 26 красавіка 1986 і іх наступствы шырэй, — кажа гісторык Алег Бажан.

Арыгінальны артыкул можна пачытаць на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG