Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктару Бабарыку не даходзяць лісты ў СІЗА КДБ, — адвакат


Пікет салідарнасьці зь Віктарам Бабарыкам

Патэнцыйнаму кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ, не даходзяць лісты. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі расейскаму выданьню «Московский комсомолец».

«У нас выклікае вялікую занепакоенасьць, што Віктар Дзьмітрыевіч не атрымлівае лістоў, якія яму пішуць у вялікай колькасьці. Я спадзяюся, гэта пытаньне вырашыцца. І наступны раз, калі мы будзем размаўляць, я пачую, што лісты яму перадаюць у той колькасьці, у якой яны паступаюць», — сказаў адвакат.

На мінулым тыдні ў Менску былі праблемы з вадой, у сувязі з чым Лаеўскі выказаў занепакоенасьць наконт умоваў знаходжаньня ў СІЗА.

«Апошнія некалькі дзён у асобных раёнах Менска назіраецца дзіўная сытуацыя з вадой. СІЗА гэтае пытаньне таксама закранула. З крана піць ваду нельга, патрэбна бутыляваная. Яе можна закупляць і перадаваць, але тут ёсць праблема, таму што не заўсёды зьняволены можа скарыстацца тымі грашыма, якія ў яго маюцца на рахунку. І тут якраз такі выпадак», — адзначыў абаронца.

Патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку, як і яго сына і кіраўніка штаба Эдуарда Бабарыку, затрымалі раніцай 18 чэрвеня. Дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць Бабарыкаў. У КДБ, якое вядзе следзтва, падрабязнасьцяў не раскрываюць.

Раней кіраўнік КДК заяўляў, што крымінальныя справы ў дачыненьні да затрыманых у справе «Белгазпрамбанку» (іх каля 20 чалавек) распачаты паводле шасьці артыкулаў КК — аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, адмыванні грошай, махлярстве, крадзяжы, атрыманні і даваньні хабару.
25 чэрвеня ў доме сям’і Бабарыкаў прайшоў чарговы ператрус. Сьледчыя шукалі схованкі і тайныя пакоі.

Віктар Бабарыка і чальцы ягонай ініцыятыўнай групы — Эдуард Бабарыка, Сьвятлана Купрэева і Ўладзімер Дудараў — прызнаныя палітычнымі вязьнямі. За час выбарчай кампаніі 2020 года Беларусі статус палітвязьня прысвоены таксама Сяргею Ціханоўскаму і васьмі іншым фігурантам крымінальнай справы.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG