Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі першае выданьне Канстытуцыі гетмана Ўкраіны Піліпа Орліка на беларускай мове 


На прэзэнтацыі, 25 чэрвеня

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзэнтацыя першага выданьня па-беларуску гістарычнага дакумэнту «Дагаворы і пастановы правоў і свабодаў вайскоўцаў», вядомага як Канстытуцыя гетмана Ўкраіны Піліпа Орліка.

Імпрэза была прымеркаваная да 24-й гадавіны прыняцьця Вярхоўнай Радай сучаснай Канстытуцыі Ўкраіны.

Беларускамоўнае выданьне Канстытуцыі Піліпа Орліка было падрыхтаванае зь ініцыятывы Менскага грамадзкага таварыства ўкраінцаў у Беларусі «Заповіт» і выдадзенае пры садзейнічаньні амбасады Ўкраіны ў Беларусі.

Піліп Орлік, палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Запароскага Войска ў выгнаньні, паэт, публіцыст
Піліп Орлік, палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Запароскага Войска ў выгнаньні, паэт, публіцыст

У прэзентацыі ўзялі ўдзел амбасадары Швэцыі Крысьціна Ёханэсан (адна з арыгінальных копій Канстытуцыі захоўваецца ў Швэцыі) і Малдовы Віктар Сарачан (Канстытуцыя Орліка была прынятая ў Бэндэрах на тэрыторыі сучаснай Малдовы), а таксама намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, прадстаўнікі навуковых колаў і ўкраінскай грамадзкасьці.

Амбасадар Украіны ў Беларусь Ігар Кізім падкрэсьліў важную ролю Піліпа Орліка ня толькі ў гісторыі канстытуцыйнай і прававой думкі Ўкраіны, а і ў разьвіцьці ўкраінска-беларускіх адносінаў.

Піліп Орлік нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь у вёсцы Касута на Вілейшчыне 11 (21) кастрычніка 1672 году.

Канстытуцыя Піліпа Орліка была ўхваленая 5 (16) красавіка 1710 году.

Украінскі амбасадар перадаў некалькі асобнікаў выданьня Нацыянальнай бібліятэцы. У сваю чаргу Крысьціна Ёханэсан падарыла бібліятэцы факсімільную копію арыгінальнай Канстытуцыі Орліка, напісаную лацінкай, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швэцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG