Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна супольна зь Беларусьсю адзначыць 345-годзьдзе гетмана Піліпа Орліка


Піліп Орлік
Піліп Орлік

Гетман нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі — у пасёлку Касута Ашмянскага павету (цяпер Вілейскі раён Менскай вобласьці) і лічыцца аўтарам першай у сьвеце Канстытуцыі.

Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, плянуецца правядзеньне міжнароднага «круглага стала», на якім навукоўцы абмяркуюць украінскую Канстытуцыю Піліпа Орліка ў эўрапейскім кантэксьце, як важны дакумэнт гісторыка-палітычнага і ўсясьветнага значэньня.

Першая Канстытуцыя Ўкраіны, напісаная гетманам Піліпам Орлікам у 1710
Першая Канстытуцыя Ўкраіны, напісаная гетманам Піліпам Орлікам у 1710

З нагоды юбілею Піліпа Орліка ў Вілейцы выступіць моладзевы хор «Світоч» зь Нежынскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Удзельнікі мерапрыемстваў таксама наведаюць месца нараджэньня гетмана і ўскладуць кветкі да памятнага знаку.

У той жа час у Міністэрстве інфраструктуры Ўкраіны паведамілі Свабодзе, што выпуск юбілейных марак ды канвэртаў дзеля ўшанаваньня Піліпа Орліка не плянуецца.

«Дзяржаўнае прадпрыемства «Укрпошта» ня мае магчымасьці сёлета ажыцьцявіць выпуск марак і канвэртаў. Зьвяртаем увагу на тое, што ў 2010 годзе «Укрпошта» накладам 109 тысяч экзэмпляраў выпусьціла паштовы блёк «Канстытуцыя Піліпа Орліка. 1710-2010», які можна набыць праз інтэрнэт-краму «Укрпошты», — адзначылі ў міністэрстве.

Украінцы ўшаноўваюць памяць гетмана Піліпа Орліка ў пасёлку Касута (цяпер Вілейскі раён Менскай вобласьці)
Украінцы ўшаноўваюць памяць гетмана Піліпа Орліка ў пасёлку Касута (цяпер Вілейскі раён Менскай вобласьці)

Піліп Орлік нарадзіўся ў жніўні 1672 году ў сямʼі радавітай літоўскай шляхты чэскага паходжаньня — Орлікаў. Ягоны бацька Сьцяпан Орлік служыў у арміі караля Рэчы Паспалітай, загінуў на пяцьдзесят першым годзе жыцьця падчас польска-асманскай вайны ў бітве пад Хоцінам у сьнежні 1673 году, а маці Ірына паходзіла зь беларускага роду Малахоўскіх. Піліп Орлік вучыўся ў Вільні і Кіева-Магілянскай калегіі на «выдатна». Падчас навучаньня паказаў сябе таленавітым прамоўцам ды паэтам, цікавіўся філязофіяй і літаратурай, добра ведаў украінскую, польскую, царкоўнаславянскую, вугорскую, італьянскую ды іншыя мовы.

Піліп Орлік быў генэральным пісарам і даверанаю асобай Івана Мазэпы і браў удзел у 1708 годзе ў выступе Мазэпы супраць Пятра I, а пасьля Палтаўскай бітвы эміграваў у Асманскую імпэрыю і ўжо ў выгнаньні напісаў «Пакты і Канстытуцыі правоў і вольнасьцяў Войска Запароскага», што пазьней атрымаў назву «Канстытуцыя Піліпа Орліка», якую лічаць першай украінскай Канстытуцыяй, а таксама адной зь першых канстытуцый у Эўропе. Згодна зь ёю, абмяжоўвалася гетманская прэрагатыва, зьмяншалася сацыяльная эксплёатацыя, захоўваўся статус запарожцаў і дэкляравалася палітычнае і царкоўнае аддзяленьне Ўкраіны ад Масковіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG