Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура ў Гаазе выставіла абвінавачаньне ў ваенных злачынствах прэзыдэнту Косава


Хашым Тачы
Хашым Тачы

Спэцпракуратура ў Гаазе выставіла абвінавачаньне супраць прэзыдэнта часткова прызнанай рэспублікі Косава Хашыма Тачы і былога старшыні косаўскага парлямэнта Кадры Вэсэлі. Ім ставяць у віну ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці ў 1998-1999 гадах.

У заяве Спэцыяльнай пракуратуры ў справе Косава гаворыцца, што Тачы, Вэсэлі і шэраг іншых асоб падазраюцца ў датычнасьці да забойстваў каля ста чалавек, а таксама да выкраданьняў, перасьледу і катаваньняў людзей падчас або пасьля завяршэньня збройнага канфлікту ў Косаве. Сьледзтва адзначае, што ахвярамі злачынстваў былі прадстаўнікі розных этнічных груп, у тым ліку косаўскія альбанцы, сэрбы, ромы. Сьпісы ахвяр ўключаюць таксама палітычных праціўнікаў, адзначае Балканская служба Радыё Свабода.

Тачы і Вэсэлі узначальвалі Вызваленчую армію Косава — ваенізаванае аб’яднаньне этнічных альбанцаў, якія ў ходзе вайны за незалежнасьць у канцы мінулага стагодзьдзя супрацьстаялі сілам пад кіраўніцтвам Бялграду.

Хашым Тачы дачыненьне да якіх-небудзь ваенных злачынстваў адмаўляе, як і Кадры Вэсэлі, які ўваходзіць у кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі Косава і па-ранейшаму засядае ў парлямэнце. Паводле словаў Вэсэлі, ён «ганарыцца тым, што ў свой час удзельнічаў у вызваленчай вайне народу Косава».

У сераду, пасьля апублікаваньня заявы Спэцпракуратуры ў Нідэрляндах, офіс Тачы паведаміў, што ён вырашыў перапыніць паездку ў ЗША і вярнуцца ў Косава 25 чэрвеня. На суботу ў Тачы былі намечаныя перамовы ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам — у справе нармалізацыі адносін паміж краінамі.

Далей абвінавачваньні будзе вывучаць Спэцыяльны міжнародны трыбунал у справе Косава, які быў створаны ў Нідэрляндах у 2015 годзе. Нагодай стаў апублікаваны за некалькі гадоў да гэтага даклад ПАРЭ. У ім сьцьвярджалася, што члены Вызваленчай арміі Косава ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў былі датычныя да сур’ёзных злачынстваў, такіх як гандаль наркотыкам, выкраданьне і забойства людзей, гандаль чалавечымі органамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG