Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вірусу абыякава, што кажа Лукашэнка». Амэрыканскі аналітык пра выбары ў Беларусі


Ланцуг салідарнасьці з затрыманымі падчас выбарчай кампаніі, Менск, 18 чэрвеня 2020
Ланцуг салідарнасьці з затрыманымі падчас выбарчай кампаніі, Менск, 18 чэрвеня 2020

На пытаньні Радыё Свабода пра выбарчую кампанію ў Беларусі адказаў Браян Ўітмар, дырэктар праграмы Расеі вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі.

Сьцісла:

  • Сёлетнія выбары — нашмат менш прадказальная і зрэжысэраваная падзея, чым было ў мінулым.
  • Пуцін хацеў бы памяняць Лукашэнку на больш паслухмяную фігуру. Але няма гарантый, што Масква здолее кантраляваць гэты працэс, калі ён пачнецца.
  • Наступствы пандэміі COVID-19 нельга зьмяніць ніякай колькасьцю прапаганды. Гэта праблема, якую пачынаюць усьведамляць аўтарытарныя кіраўнікі і папулісты па ўсім сьвеце, а ня толькі Лукашэнка.
Браян Ўітмар
Браян Ўітмар

— Ці прадвызначаны, на вашу думку, вынік выбараў у жніўні, ці вы ўсё ж бачыце знакі магчымых зьменаў?

— Сёлетнія выбары, напэўна, найменш прадказальныя з тых, што адбываліся ў Беларусі ад 1994 году. Гэта неабавязкова тычыцца толькі выніку выбараў, які Лукашэнка, магчыма, здолее пракантраляваць, але ўсёй палітычнай дынамікі вакол выбараў.

Гэта сапраўды так з шэрагу прычын. Ёсьць разыходжаньне інтарэсаў паміж Менскам і Масквой. Ёсьць невялікае супадзеньне інтарэсаў паміж Беларусьсю і Захадам, у асноўным у пытаньні сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Ёсьць відавочнае абуджэньне ў беларускай грамадзянскай супольнасьці. І, вядома ж, ёсьць пандэмія COVID-19, якая паўсюль перакульвае палітычныя расклады. Узятыя разам, гэтыя рэчы робяць выбары нашмат менш прадказальнай і зрэжысэраванай падзеяй, чым было ў мінулым. У такіх аўтарытарных дзяржавах, як Беларусь, выбары — гэта рытуалы легітымізацыі, дзе палітычны тэатар важнейшы за вынікі, якімі можна маніпуляваць. Сытуацыя вельмі пераменлівая і вогненебясьпечная.

​— Адносіны паміж афіцыйным Менскам і Масквой не ідэальныя. Якой, на вашую думку, будзе стратэгія Масквы на гэтых выбарах?

— Пуцін і Лукашэнка глядзяць на адносіны паміж Масквой і Менскам вельмі па-рознаму. Для Пуціна гэта імпэрскія адносіны паміж імпэратарам і васальнай дзяржавай. Для Лукашэнкі гэта адносіны бізнэс-угоды, паводле якой ён чакае, што Расея будзе плаціць Беларусі за саюзьніцтва.

Лукашэнка, вядома ж, не ідэальная фігура для Расеі. Ён супрацьдзейнічаў Маскве ў такіх пытаньнях, як авіябаза. Ён шукае партнэраў, у тым ліку ў Кітаі і на Захадзе. У ідэальным сьвеце Пуцін, вядома ж, хацеў бы памяняць Лукашэнку на больш паслухмяную фігуру.

Гэтага можна было б дасягнуць ці праз маніпуляцыю выбарамі, ці праз выкарыстаньне сацыяльных хваляваньняў і хаосу пасьля выбараў. Я называю гэтую другую магчымасьць сцэнарoм «фальшывага Майдану». Але абодва гэтыя сцэнары ствараюць рызыкі для Крамля, бо няма гарантый, што Масква здолее кантраляваць гэты працэс, калі ён пачнецца.

Ключавое пытаньне ў тым, як Пуцін ацэньвае гэтую рызыку. Ці патэнцыйныя выгады ад спробы зьняць Лукашэнку пераважваюць рызыкі страціць кантроль над гэтым працэсам?

— Ці лічыце вы, што галоўнымі супернікамі Лукашэнкі на гэтых выбарах могуць стаць кандыдаты, падтрыманыя Масквой?

— Вядома ж, гэта заўсёды магчыма. Гэта здарылася ва Ўкраіне, Грузіі і ў некаторых заходніх краінах. Таму чаму не ў Беларусі, дзе Масква мае шмат фінансавых і чалавечых рэсурсаў, якія яна можа выкарыстаць? Сапраўднае пытаньне ў тым, ці палічыць выгадным Пуцін так рабіць.

— Ці могуць праявы эканамічнага крызісу стаць настолькі заўважнымі падчас выбарчай кампаніі, каб падарваць пазыцыі Лукашэнкі, у тым ліку падтрымку яго дзяржаўнымі чыноўнікамі?

— Гэта адкрытае пытаньне. Моц Лукашэнкі заўсёды была ў тым, што ён быў здольны выкарыстоўваць расейскія субсыдыі, каб падтрымліваць стандарты жыцьця на прымальным узроўні для насельніцтва. Аслабленая эканоміка можа толькі нашкодзіць яму. Аднак няясна, ці нашкодзіць яна настолькі, каб пераадолець ягоную перавагу ў адміністрацыйных рэсурсах. Эканамічны крызіс таксама дае Расеі нейкую ступень уплыву.

— Лукашэнка сьвядома прымяншаў пагрозу COVID-19, называючы хваробу формай псыхозу і падкрэсьліваючы патрэбу захаваць працу эканомікі. На вашую думку, такі падыход дапаможа ці пашкодзіць яму?

— У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта можа толькі нашкодзіць яму. Пандэмія COVID-19 — гэта сур’ёзная праблема, яна забівае людзей і стварае сурʼёзную нагрузку на сыстэмы аховы здароўя. Гэта немагчыма зьмяніць ніякай колькасьцю прапаганды. Вірусу абыякава, што кажа Лукашэнка. Ён дзейнічае паводле законаў біялёгіі. Гэта праблема, якую пачынаюць усьведамляць аўтарытарныя кіраўнікі і папулісты па ўсім сьвеце, а ня толькі Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG