Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на парадзе ў Маскве: тлумачым, чаму і навошта


Выступ Аляксандра Лукашэнкі на парадзе, Менск, 9 траўня 2020

24 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка едзе ў Маскву, дзе возьме ўдзел у парадзе, які праводзіцца ў гонар 70-й гадавіны перамогі над нацысцкай Нямеччынай.

Чаму ў Расеі праводзяць парад 24 чэрвеня?

9 траўня сёлета ў Расеі была ў разгары эпідэмія каранавірусу. Расейскія ўлады асьцерагаліся, што будзе ўспышка захворваньня, калі правесьці парад у дзяржаўнае сьвята — Дзень Перамогі. Сьвяткаваньне перанесьлі. Цяпер эпідэмія ў Расеі, як паведамляецца, пайшла на спад. Для ўрачыстасьці абралі дату правядзеньня першага пасьля вайны параду Перамогі. У ноч з 8-га на 9-га траўня 1945 году (9 траўня паводле маскоўскага часу) была падпісаная канчатковая капітуляцыя Нямеччыны. А парад Перамогі прайшоў у той год у Маскве 24 чэрвеня.

Хто з замежных лідэраў прыедзе на парад у Маскву 24 чэрвеня?

Як паведамляе МЗС Расеі, акрамя Беларусі, пацьвердзілі свой удзел прэзыдэнты Казахстану, Кіргізстану, Малдовы, Сэрбіі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Таксама прыедуць кіраўнікі самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі – гэтыя рэспублікі прызнаныя Расеяй як сувэрэнныя дзяржавы, але пераважная большасьць краінаў сьвету лічаць іх часткай Грузіі. Чакаецца яшчэ член калектыўнага прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны Міларад Додзік. Не прыедуць прэзыдэнты Азэрбайджану і Туркмэністану і прэм’ер Армэніі. Ня будзе і кіраўнікоў дзяржаваў — чальцоў антыгітлераўскай кааліцыі часоў вайны: Вялікай Брытаніі і ЗША.

З кім прыедзе ў Маскву Лукашэнка?

Са сваімі сынамі. Пра гэта ён паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну падчас тэлефоннай гутаркі 19 чэрвеня. З кім з трох сыноў Лукашэнка накіруецца ў Маскву, не паведамляецца.

Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі на суботніку, 21 красавіка 2020 году
Мікалай, Аляксандар, Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі на суботніку, 21 красавіка 2020 году

Што Лукашэнка казаў пра расейскі парад 24 чэрвеня?

«Як жа: беларусы правялі парад 9 траўня, а Расея не правяла — трэба праводзіць. Ну, паедзем правядзем парад», — заявіў ён падчас паездкі ў Горадню 16 чэрвеня.

Што казаў Лукашэнка падчас правядзеньня ў Беларусі параду 9 траўня?

«У гэтым звар’яцелым сьвеце знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за правядзеньне гэтага сьвятога дзеяньня. Не бярыцеся асуджаць нас. У нас не было іншага выбару, а калі б і быў, мы зрабілі б гэтак жа. Таму што на нас глядзяць вочы забітых салдат, закатаваных партызан і падпольшчыкаў. Вочы дзяцей Хатыні. Яны вельмі хацелі жыць, але загінулі ў гэтай страшнай вайне.

Хай у гэтым годзе вайсковы парад у Менску стане адзіным на постсавецкай прасторы, ён стане сымбалем Перамогі ўсяго савецкага народу».

Якія праблемы цяпер ёсьць у беларуска-расейскіх адносінах?

  • Спрэчка пра цану на газ. Беларусь плаціць 127 даляраў за тысячу кубамэтраў — гэта больш, чым цана для краінаў Заходняй Эўропы. Менск дамагаецца зьніжэньня цаны, Масква заяўляе, што цэны вызначаныя доўгатэрміновым кантрактам.
  • «Газпром» заяўляе, што Беларусь недаплаціла за пастаўлены газ 165 мільёнаў даляраў, Беларусь адмаўляе запазычанасьць.
  • Беларускія ўлады прызначэньнем новай кіраўніцы «Белгазпрамбанку» ўзялі пад кантроль гэты банк, які на 98% — расейская ўласнасьць.
  • Беларускія ўлады заяўляюць пра ўмяшаньне ва ўнутраныя справы краіны і ў выбарчую кампанію «лялькаводаў з „Газпрому“ і вышэй». Масква ўмяшаньне адмаўляе.
  • Амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімер Сямашка некалькі разоў апошнім часам заяўляў, што перамовы аб паглыбленьні інтэграцыі паміж Менскам і Масквой адновяцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і выказаў спадзеў на іх пасьпяховы вынік.
  • Прэзыдэнт Пуцін у сваім нядаўнім выступе выказаў меркаваньне, што былым рэспублікам СССР варта было выходзіць з Савецкага Саюзу, аддаўшы Расеі тэрыторыі, «атрыманыя» за час існаваньня ў складзе СССР. Цяперашняя тэрыторыя Рэспублікі Беларусь была сфармаваная ў тым ліку і за кошт перадачы ў склад БССР тэрыторыяў, якія ўваходзілі перад гэтым у склад РСФСР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG