Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі на збайкатаваных апазыцыяй выбарах перамагае партыя прэзыдэнта Вучыча


Аляксандар Вучыч

Папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў у Сэрбіі паказваюць, што кіроўная партыя прэзыдэнта Аляксандра Вучыча атрымлівае 63 адсоткі галасоў. Выбары прайшлі ва ўмовах байкоту з боку апазыцыйных партыяў і асьцярогаў, зьвязаных з эпідэміяй каранавірусу.

Папярэднія вынікі абвясьціў Цэнтар за свабодныя выбары і дэмакратыю. Калі гэтыя вынікі пацьвердзяцца ў бліжэйшыя дні пры абвяшчэньні канчатковых вынікаў галасаваньня, то Сэрбская прагрэсіўная партыя Вучыча атрымае трывалы мандат яшчэ на чатыры гады.

На другім месцы — Сацыялістычная партыя, у яе 10,6 адсотка галасоў.

На трэцім месцы — Сэрбскі патрыятычны зьвяз (каля 4 працэнтаў галасоў).

Аляксандар Вучыч ужо абвясьціў перамогу Сэрбскай прагрэсіўнай партыі. «Дарагія грамадзяне Сэрбіі, я шмат гадоў у палітыцы, але такое перажываю ўпершыню! Мы атрымалі найбольшы ў гісторыі давер народу, звыш 2 мільёнаў галасоў з 3,3 мільёна грамадзян, якія прыйшлі на выбары. Мы перамаглі ўсюды, нават там, дзе раней прайгравалі!» — прыводзіць ягоныя словы тэлеканал «Эўраньюз».

У траўні сёлета праваабарончая арганізацыя Freedom House, якая базуецца ў ЗША, заявіла, што больш ня лічыць Сэрбію дэмакратычнай краінай пасьля некалькіх гадоў Вучычавага злоўжываньня ўладай, стасаваньня ім дыктатарскай тактыкі, размываньня мяжы паміж партыяй і дзяржавай.

Аляксандр Вучыч атрымае новы мандат ва ўмовах, калі дзяржавы ЭЗ імкнуцца спрыяць аднаўленьню дыялёгу паміж Сэрбіяй і часткова прызнанай Рэспублікай Косава, незалежнасьці якой Сэрбія не прызнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG