Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Камітэце дзяржкантролю і міліцыі не камэнтуюць сытуацыю з допытам Бабарык і ператрусамі ў іх


Афіцыйныя ведамствы не камэнтуюць затрыманьне 18 чэрвеня патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і ягонага сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Бабарыкі Эдуарда.

Тэлефоны ў прэс-службе Камітэту дзяржкантролю і прыёмнай ведамства, дзе цяпер знаходзяцца Віктар і Эдуард Бабарыкі, ніхто не здымае.

Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава на запыт карэспандэнта Свабоды, дзе знаходзіцца Віктар Бабарыка і хто яго затрымліваў, адказала, што такой інфармацыі ў яе няма.

«Пра вобшукі я чытала ў інтэрнэце, але такой інфармацыі ў мяне пакуль няма», — сказала Вольга Чамаданава.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.

Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць без адвакатаў. Ці затрыманыя яны і які іхны працэсуальны статус, у штабе Бабарыкі Свабодзе сказаць не змаглі, бо ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, а адвакатаў да іх не дапускаюць. У штабе пакуль усё спакойна, ператрусаў няма.

У доме сям’і Бабарыкаў, які фармальна належыць сыну патэнцыйнага кандыдата Эдуарду, у вёсцы Мачаны Лагойскага раёну​, праходзіць ператрус.

Мясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што ад пачатку каля дому Бабарыкі было прынамсі два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў са зьяўленьнем журналістаў адкруцілі нумары проста на вачах карэспандэнта Свабоды.

Паводле блізкай сяброўкі Эдуарда Бабарыкі Сьыятланы Зьверавай, рыхтуецца таксама ператрус у кватэры, дзе яны жывуць разам.

«Паступіла інфармацыя, што ў кватэры Эдзіка, дзе мы жывем разам, таксама рыхтуецца ператрус, — напісала Аляксандра, дадаўшы, што «гэты ператрус будзе таксама праходзіць без прысутнасьці ўладальніка». — Наяўных грошай, наркотыкаў і „залатых зьліткаў“ у кватэры няма. Карціны ёсьць. Іх аўтар — Даша Сямёнава».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG