Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага хакера дэпартавалі з ЗША


Станіслаў Лісаў, 2017 год
Станіслаў Лісаў, 2017 год

Праграміста з Расеі Станіслава Лісава, асуджанага ў ЗША за кібэрзлачынствы, дэпартавалі на радзіму. Супрацоўнікі амэрыканскай іміграцыйнай службы пасадзілі Лісава на вывазны рэйс "Аэрофлота" зь Нью-Ёрку ў Маскву, паведаміў РИА Новости прэс-сакратар расейскага консульства ў Нью-Ёрку Аляксей Тапольскі.

У канцы лістапада суд у Нью-Ёрку асудзіў расейскага праграміста на чатыры гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў змове з мэтай учыненьня хакерскіх нападаў. Раней Станіслаў Лісаў прызнаў віну.

З улікам часу, праведзенага ў турме падчас сьледзтва, Лісаў меў выйсьці на волю праз чатыры ці пяць месяцаў. Акрамя таго, рашэньнем суду Лісаў мусіць выплаціць штраф у памеры 50 тысячаў даляраў і пакрыць 480 тысячаў даляраў шкоды пацярпелым ад яго дзеяньняў.

Станіслава Лісава затрымалі ў аэрапорце Барсэлёны ў студзені 2017 году. Улетку 2017 году расейца дэпартавалі ў ЗША. Раней ён зьвяртаўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай не дапусьціць яго экстрадыцыі ў ЗША, дзе ў сукупнасьці абвінавачаньняў яму пагражала да 35 гадоў турмы.

Улады ЗША лічаць Лісава датычным да пашырэньня кампутарнага вірусу NeverQuest. Паводле амэрыканскіх спэцслужбаў, вірус забясьпечваў доступ да кампутараў фінансавых установаў і выкрадаў уліковыя банкаўскія зьвесткі. У ходзе разбору расеец прызнаўся ў крадзяжы 855 тысяч даляраў з рахункаў у амэрыканскіх банках.

У 2017 годзе ў Эўропе на запыт ЗША арыштавалі ня менш за пяць меркаваных хакераў з Расеі. Арышты праходзілі на фоне амэрыканскага расьсьледаваньня аб магчымым умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары. Масква адмаўляе, што карысталася дапамогаю хакераў, каб забясьпечыць абраньне прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа. Дамовы аб экстрадыцыі паміж Масквой і Вашынгтонам няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG