У Дыжон на ўсходзе Францыі ўлады накіравалі дадатковыя сілы жандармэрыі пасьля беспарадкаў, якія адбываліся ў гэтым горадзе некалькі апошніх дзён.
Беспарадкі пачаліся ў ноч на 13 чэрвеня сутычкамі паміж выхадцамі з Чачні і выхадцамі з Марока і Альжыру. Нагодай для сутычак, паводле паведамленьняў СМІ, стала зьбіцьцё чачэнскага падлетка. Прадстаўнікі чачэнскай дыяспары сьцьвярджаюць, што на яго напалі наркадылеры, якія тэрарызуюць квартал.
У горад зьехаліся больш за 100 выхадцаў з Чачні з розных гарадоў Францыі. Паведамляецца, што яны разграмілі кальянную, падкантрольную выхадцам з краін Паўночнай Афрыкі. Больш за 10 чалавек пацярпелі ў бойцы і сутыкненьнях з паліцыяй.
Гісторык Майрбэк Вачагаеў, які жыве ў Францыі, адзначыў, што 14 чэрвеня ўсе чачэнцы, якія прыехалі ў Дыжон, пакінулі горад. У інтэрвію Радыё Свабода Вачагаеў усклаў адказнасьць за беспарадкі на наркадылераў.
У сеціве зьявіліся кадры з надпісамі на сьценах дамоў у Дыжоне, якія славяць Расею і Ўладзіміра Пуціна. Многія прадстаўнікі чачэнскай дыяспары ў Францыі — уцекачы, яны былі вымушаныя зьехаць з Чачні праз вайну і рэпрэсіі з боку расейскіх уладаў.
Паліцыю і ўлады Дыжону крытыкуюць за тое, што паліцыянты амаль ня ўмешваліся ў беспарадкі і не спынілі пагромаў, удзельнікі якіх стралялі ў паветра, падпальвалі сьмецьцевыя бакі і аўтамабілі. Кіраўніца апазыцыйнай праварадыкальнай партыі «Нацыянальнае аб’яднаньне» Марын Лё Пэн абвінаваціла ўлады ў бязьдзейнасьці і заявіла, што краіна апускаецца ў хаос. Мясцовыя ўлады заявілі, што мірныя жыхары падчас беспарадкаў былі абароненыя.