Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завялі каля 200 справаў за «фэйкі» аб каранавірусе — праваабаронцы


Адзін з пратаколаў за непраўдзівую інфармацыю пра каранавірус.
Адзін з пратаколаў за непраўдзівую інфармацыю пра каранавірус.

Расейская праваабарончая група «Агора» зафіксавала 157 выпадкаў перасьледу грамадзян за пашырэньне «фэйкаў» аб каранавірусе за тры «эпідэмічныя» месяцы. Пра гэта сьведчыць даклад «Эпідэмія фэйкаў: барацьба з каранавірусам як пагроза свабодзе слова».​

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле інфармацыі расейскіх праваабаронцаў, толькі з 3 красавіка па 9 чэрвеня сёлета сілавыя ведамствы і СМІ паведамілі аб 42 крымінальных справах паводле новага артыкулу 207.1 КК («Публічнае распаўсюджваньне заведама ілжывай інфармацыі пра абставіны, якія нясуць пагрозу жыцьцю і бясьпецы грамадзян»), заведзеных у 24 рэгіёнах Расеі.

Як адзначае даклад, крымінальны артыкул аб фэйках стаў «зручным інструмэнтам расправы над публічнымі крытыкамі уладаў»: 17 з 42 выпадкаў крымінальнага перасьледу зьвязаныя з выказваньнямі актывістаў, журналістаў, блогераў і дэпутатаў.

Акрамя крымінальных справаў, на расейцаў складалі пратаколы паводле артыкулу 13.15 КаАП, які зьявіўся ў кодэксе ўвесну 2019 году. За тры апошнія месяцы было заведзена прынамсі 157 адміністрацыйных справаў аб «фэйкавых навінах» («за распаўсюджваньне інфармацыі, якая адрозьніваецца ад афіцыйных прэс-рэлізаў»). Зь іх 46 справаў завяршыліся вынясеньнем абвінаваўчых пастановаў з штрафамі на агульную суму больш за 1 мільён расейскіх рублёў.

Выбуховы рост колькасьці справаў аб фэйках і аналіз матэрыялаў даступных справаў сьведчаць пра палітычны характар кампаніі ў цэлым, лічыць аўтар дакладу, адвакат Станіслаў Селязьнёў. Ён адзначае, што, перасьледуючы грамадзянаў за ілжывую інфармацыю, улады абвяшчаюць такою «любую інфармацыю, якая не супадае з актуальнай афіцыйнай пазыцыяй, якая ў сваю чаргу можа імкліва мяняцца».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG