Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Масквой асьвяцілі царкву ўзброеных сіл. Без мазаікі Пуціна, але з фуражкай Гітлера


Пад Масквой асьвяцілі галоўны праваслаўны храм міністэрства абароны Расеі. У царкве ня будзе мазаікі з Пуціным, але там ёсьць фуражка Гітлера, паведамляе расейская служба Радыё Свабода.

Царкву асьвяціў патрыярх Маскоўскі Кірыл. Ён жа будзе яе настаяцелем. Ён прачытаў на літургіі адмысловую малітву пра збаўленьне ад каранавірусу і памаліўся пра абаронцаў Айчыны.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на асьвячэннье царквы не прыехаў.

Храм, як сьцьвярджаецца, будаваўся на ахвяраваньні, на яго сабралі каля 3 мільярдаў расейскіх рублёў. Міністэрства абароны таксама аплаціла шэраг работ.

У царкве ня будзе мазаікі з выявай Уладзіміра Пуціна і іншых кіраўнікоў Расеі, а таксама Іосіфа Сталіна, як паведамлялі раней. Такія мазаікі зрабілі, аднак пасьля зьяўленьня фотаздымкаў зь імі пачалася дыскусія аб іх недарэчнасьці. У выніку мазаіку, названую «бяскроўнае ўзьяднаньне Крыму», зьмянілі, прыбраўшы выявы Пуціна і іншых кіраўнікоў, а потым зьмянілі і мазаіку, якая паказвае парад Перамогі 1945 году, прыбраўшы партрэт Сталіна.

Намесьнік міністра абароны Цімур Іваноў раней заяўляў, што ў храмавым комплексе знаходзяцца «сапраўдныя рэліквіі», аж да касьцюма Гітлера, які захаваўся да гэтага часу, там ёсьць фуражка Гітлера. Рэліквіямі як правіла называюць аб’екты шанаваньня. У мінабароны выданьню Znak.com заявілі, што словы Іванова «вырвалі з кантэксту», — ён казаў пра «унікальных экспанатах», а не пра рэліквіі ў царкоўным сэнсе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG