Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеру Пятрухіну за нясплачаныя штрафы забаранілі выяжджаць за мяжу і кіраваць аўтамабілем


Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін

Суд Ленінскага раёну Берасьця 11 чэрвеня разгледзеў пазоў раённага аддзелу прымусовага спагнаньня да Сяргея Пятрухіна. Паводле пазову, блогер мае нясплачаныя штрафы агулам амаль на 20 тысяч рублёў, паведамляе БАЖ.

Судзьдзя Ала Вінаградава разглядала справу без удзельнікаў працэсу: абодва бакі ведалі пра судовае паседжаньне, але папрасілі, каб суд прайшоў бязь іх.

Паводле матэрыялаў справы, Сяргей Пятрухін не плаціў штрафы на працягу амаль 2 гадоў, сказаў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, які прысутнічаў на працэсе. Ён быў зьдзіўлены вялікай сумай запазычанасьці Пятрухіна: на яго думку, насамрэч сума на дзьве траціны меншая.

«Я зьвярнуўся да судзьдзі з пытаньнем: адкуль такая вялікая сума, бо неаднаразова на ўласныя вочы бачыў, як Сяргей Пятрухін паказваў квітанцыі аб аплаце штрафаў судовым выканаўцам», — кажа Ўладзімер Вялічкін.

У адказ судзьдзя Вінаградава патлумачыла, што, магчыма, судовыя выканаўцы не ўлічылі ўсе пералікі, бо ня маюць часу праглядаць рух паступленьня грошай на рахункі. На яе думку, Сяргею Пятрухіну ў такіх выпадках трэба асабіста прыносіць квітанцыі да выканаўцаў, каб яны ведалі пра зробленыя аплаты і пазначалі ў дакумэнтах.

У выніку суд палічыў, што ёсьць усе падставы абмежаваць Сяргею Пятрухіну выезд за межы Беларусі, а таксама кіраваньне аўтамабілем да моманту сплачваньня штрафаў, аднак не пазьней за 2025 год. Калі ж Пятрухін не ліквідуе запазычанасьць па штрафах, да яго прыменяць больш жорсткія санкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG