Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў аб працягу санкцый у дачыненьні да Беларусі


Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі і старшыні Сэнату ліст аб падаўжэньні рэжыму надзвычайнага становішча ў дачыненьні да Беларусі. Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.

Тэрмін дзеяньня санкцый супраць Беларусі завяршаецца 16 чэрвеня 2020 году. Рэжым надзвычайнага становішча ў дачыненьні да Беларусі прадаўжаецца яшчэ на год.

«Дзеяньні і палітычныя ініцыятывы некаторых членаў ураду Беларусі і іншых асобаў, накіраваныя на падрыў дэмакратычных працэсаў або інстытутаў у Беларусі, парушэньні правоў чалавека, зьвязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, і ўдзел у карупцыі, працягваюць прадстаўляць сабой нехарактэрную і экстраардынарную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі ЗША», — заявіў Трамп у лісьце.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя і фінансавыя абмежаваньні ўводзіліся для дзесяці чалавек зь Беларусі. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго сына, памочніка па нацыянальнай бясьпецы Віктара Лукашэнкі, у санкцыйны сьпіс былі ўключаныя сакратар Рады бясьпекі, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Амерыканскім кампаніям было забаронена заключаць зьдзелкі з гэтымі людзьмі. Пасьля прадстаўнікі ЗША не называлі лік чыноўнікаў, якія падпадаюць пад санкцыі, і іх прозьвішчы.

З часам ЗША зьмякчылі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG