Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саліст «Акіяну Эльзы» Вакарчук выходзіць зь Вярхоўнай Рады Ўкраіны


Сьвятаслаў Вакарчук

Народны дэпутат Украіны ад партыі «Голас» Святаслаў Вакарчук абвясьціў аб складаньні дэпутацкага мандата. Ён сказаў пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 11 чэрвеня.

«Сёньня я зарэгістраваў заяву аб складаньні паўнамоцтваў народнага дэпутата Ўкраіны. Яна зарэгістраваная і, спадзяюся, у найбліжэйшы час будзе належным чынам разгледжаная. Хачу адзначыць, што гэтае рашэньне ніякім чынам не азначае, што я спыняю сваю палітычную дзейнасьць або, ня дай Бог, спыняю сваю дзейнасьць у партыі „Голас“. Мы ёсьць і будзем адной камандай. У нас наперадзе грандыёзныя пляны», — сказаў Вакарчук.

Ён таксама дадаў, што ў ягоных плянах «вялікі адукацыйны праект».

Вакарчук адзначыў, што лічыць сваю місію «часткова выкананай». «Мы прывялі выдатную фракцыю ў парлямэнт», — сказаў Вакарчук.

Ён таксама заявіў, што апошнія тры гады на яго «ўвесь час спрабуюць ліць інфармацыйнае дзярмо, гразь, нэгатыў». «Гэта на мяне ня дзейнічае, і гэта зьявілася тады, калі ў чыімсьці паранаідальным уяўленьні зьявілася думка пра тое, што я буду балятавацца ў прэзыдэнты», — дадаў дэпутат.

У сакавіку Вакарчук пакінуў пасаду старшыні партыі «Голас», але запэўніў, што як лідэр будзе працягваць разьвіваць партыю.

Партыя «Голас», створаная фронтмэнам рок-гурту «Акіян Эльзы» Святаславам Вакарчуком, атрымала 20 мандатаў па выніках пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, праведзеных у ліпені 2019 году. Сам ён быў першым нумарам у сьпісе партыі.

На парлямэнцкіх выбарах 2007 году Вакарчук быў выбраны ў Вярхоўную Раду па сьпісах блёку «Наша Украіна — Народная самаабарона». У верасьні 2008 году ён падаў заяву аб складаньні дэпутацкіх паўнамоцтваў, праз тры месяцы парлямэнт пазбавіў яго мандата. За той час працы ў Радзе Вакарчук не падаў ніводнага законапраекту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG