Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На першы самалёт у Альбанію раскупілі усе квіткі. У якія яшчэ краіны могуць трапіць беларусы?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праз 3 дні беларусы змогуць паляцець у Альбанію, праз тыдзень — у Чарнагорыю. З 2 ліпеня беларусаў чакаюць Турэччына і Эгіпет. А вось краіны Эўразьвязу пакуль не сьпяшаюцца адкрываць свае межы — нават з наяўнасьцю адмоўных тэстаў на COVID-19. Дакумэнты на шэнген прымаюць у вельмі абмежаванага кола беларусаў. І пэўнасьці наконт зьменаў пакуль няма.

Альбанія, Турэччына, Чарнагорыя і Эгіпет — вельмі папулярныя напрамкі ў беларусаў, бо ехаць туды можна бязь візы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

На першы самалёт у Альбанію ўсе квіткі раскупленыя

12 чэрвеня заплянаваны першы чартэр зь Беларусі ў Альбанію. Дарэчы, месцаў на першы рэйс Менск — Тырана няма, увесь самалёт вельмі хутка быў забраніраваны.

Беларусы адносна нядаўна пачалі актыўна адпачываць у Альбаніі — гады 3 таму, але альбанскія курорты вельмі хутка зрабіліся папулярнымі. Сёлета Альбанія крыху зьнізіла кошты на туры. Таксама краіна абяцае дакладна выкарыстоўваць пратаколы захадаў ANTI COVID-19: турыст павінен быць у масцы ў аэрапорце і самалёце, па прыбыцьці ў кожнага вымераюць тэмпэратуру. Лежакі на пляжах павінны быць на адлегласьці ня менш як 3,5 мэтра адзін ад аднаго, будуць пастаянна кантраляваць ваду і фільтры ў басэйне ды выконваць іншыя абавязковыя ўмовы.

Рэйсы зь Менску ў альбанскую Тырану будуць адбывацца двойчы на тыдзень — у аўторкі і пятніцы.

Чарнагорыя: «Людзі сядзяць на чамаданах»

Чарнагорыя, ілюстрацыйнае фота
Чарнагорыя, ілюстрацыйнае фота

16 чэрвеня авіякампаніяй «Белавія» заплянаваны першы чартэр у Чарнагорыю. Наступныя рэйсы ў Ціват мяркуюцца 19, 20 чэрвеня і далей паводле графіку.

«Людзі сядзяць на чамаданах і чакаюць афіцыйнага пацьверджаньня ад чарнагорскага боку. Хутчэй за ўсё, дазвол будзе літаральна заўтра-пазаўтра, бо звычайна турыстычны сэзон у Чарнагорыі пачынаецца з канца красавіка, ужо і так амаль 2 месяцы страчаныя. Цівацкім аэрапортам пацьверджаныя слоты (час, выдзелены ў пэўную дату ў аэрапорце, каб самалёт мог прыбыць ці адбыць)», — сказала Свабодзе экспэртка ў пытаньнях турызму Лілія Кобзік.

Турэччына і Эгіпет чакаюць беларусаў у пачатку ліпеня

Турэччына абвясьціла, што пачне прымаць беларусаў з 1 ліпеня. Па паведамленьні Reuters са спасылкай на міністра транспарту Адзіля Караісмаілёглу, сярод 15 краін, зь якімі Анкара папярэдне дамовілася аб аднаўленьні ўзаемных рэйсаў, ёсьць і Беларусь.

«2 ліпеня зь Менску ляцяць некалькі ланцужкоў у Анталію і Ізьмір („Аэрасэрвіс“, „Тэзтур“, а зь імі і іншыя апэратары — „Корал“, „Анэкс“). Турэччына ўжо страціла частку курортнага сэзону, таму зацікаўленая ў беларускіх турыстах. Будзем спадзявацца, нічога ў горшы бок для беларусаў ня зьменіцца», — выказала меркаваньне Лілія Кобзік.

Таксама Эгіпет зьяўляецца ў раскладах авіякампаніі «Белавія». З 4 ліпеня заплянаваныя рэйсы ў Хургаду, з 5 ліпеня — у Шарм эш-Шэйх.

Альбанія, Чарнагорыя, Турэччына, Эгіпет не патрабуюць ніякіх даведак

Ілюстрацыйнае фота. Стамбул, Турэччына
Ілюстрацыйнае фота. Стамбул, Турэччына

Што важна: Альбанія, Чарнагорыя, Турэччына, Эгіпет не патрабуюць ад беларусаў ніякіх даведак пра адмоўныя тэсты на каранавірус.

«Адзінае — у аэрапортах будуць вымяраць тэмпэратуру. Да прыкладу, туркі паведамілі, што калі тэмпэратура будзе 38 градусаў, яны будуць рабіць экспрэс-тэст у аэрапорце (бо да 37,5 тэмпэратура можа павысіцца пры пералёце. Прычым гэта не 37,2, пры якіх беларусы бягуць у паліклініку)», — заўважае экспэрт Лілія Кобзік.

Ёсьць спадзяваньні, што зь ліпеня свае межы для Беларусі адкрые Грузія. Дарэчы, Грузія паабяцала ў канцы траўня абвясьціць дакладныя даты, а цяпер перанесла гэта на сярэдзіну чэрвеня. Умовы таксама пакуль невядомыя — магчыма, з даведкай.

А вось што да папулярнай у беларусаў Грэцыі, пакуль пэўнасьці няма.

Краіны Эўразьвязу: трэці дэдлайн адкрыцьця межаў — 1 ліпеня

Па рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, краіны Эўразьвязу могуць прымаць грамадзян з краін са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй, калі ў тых будзе даведка аб адсутнасьці COVID-19.

Мінздароўя Беларусі апэратыўна адрэагавала на гэта: цяпер, пры наяўнасьці квітка за мяжу, кожны грамадзянін можа зрабіць платны тэст, даведкі будуць выдавацца на расейскай і ангельскай мовах. Але Эўразьвяз пакуль не сьпяшаецца адкрываць свае межы.

Прычым дэдлайн мяняецца ўжо трэці раз — раней былі спадзевы на адкрыцьцё межаў для Беларусі на 1 і 15 чэрвеня, цяпер — на 1 ліпеня. Ня выключана, што пазьней Эўразьвяз можа выставіць і больш жорсткія ўмовы, чым даведка аб выніках тэсту.

Затое з 1 ліпеня кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў мае зьнізіцца з 80 да 35 эўра.

Літва пакуль робіць візы толькі для кіроўцаў

З 1 чэрвеня Літва адкрыла межы для грамадзян некаторых краін Эўразьвязу. Кожны панядзелак Міністэрства аховы здароўя Літвы будзе публікаваць сьпісы дзяржаў, грамадзянам якіх дазволены ўезд з умовай ізаляцыі на 14 дзён, а таксама тых, каму ўезд забаронены. Рашэньні прымаюцца на падставе паказчыка захворваньня на COVID-19. Пра Беларусь гаворка пакуль не ідзе.

У парадку выключэньня з 1 чэрвеня літоўскія візавыя цэнтры ў Беларусі два разы на тыдзень прымаюць дакумэнты ад кіроўцаў, якія працуюць у міжнародных літоўскіх кампаніях.

Што тычыцца выдачы візаў грамадзянам Беларусі, аташэ літоўскай амбасады па культуры Міндаўгас Габрэнас паведаміў, што гэта не залежыць ад пасольства і МЗС Літвы.

«Візы выдавацца будуць, калі будзе прынята рашэньне пускаць замежных грамадзян у Літву», — адказаў ён.

Польшча аднавіла працу візавых цэнтраў з 11 траўня. Аднак не для ўсіх

З 11 траўня візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці, Горадні аднавілі прыём дакумэнтаў на візы ў Польшчу па працы, па карце паляка, для кіроўцаў міжнародных перавозак. А з 25 траўня — для студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў Рэспубліцы Польшча.

Што тычыцца звычайных грамадзян, пакуль ніякай пэўнасьці няма.

Кол-цэнтры замежных амбасадаў у Беларусі не працуюць. Беларусам рэкамэндуюць уважліва сачыць за абвесткамі на сайтах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG