Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уплывовы мэдычны часопіс адклікаў публікацыю пра рызыкі прэпарату, якім спрабуюць лячыць COVID-19


Мэдычны часопіс The Lancet адклікаў публікацыю пра рызыкі ўжываньня супрацьмалярыйнага прэпарату гідроксіхлёрахіну пры лячэньні каранавіруснай інфэкцыі. Гэта здарылася пасьля таго, як аўтары не змаглі падаць зьвесткі для праверкі сапраўднасьці крыніц дасьледаваньня. Пра гэта паведамляе сайт выданьня.

Са зьнятага матэрыялу вынікала, што прэпарат можа быць неэфэктыўным пры лячэньні COVID-19, а ў кантрольных групаў у дасьледаваньні выявілі падвышаную сьмяротнасьць. Аўтары публікацыі сьцьвярджалі, што прааналізавалі зьвесткі пра дзясяткі тысяч пацыентаў з амаль 700 шпіталёў ува ўсім сьвеце і прыйшлі да высновы, што гідроксіхлёрахін (гандлёвая назва Plaquenil) выклікае патэнцыйна сур’ёзныя пабочныя эфэкты, у тым ліку сардэчную арытмію.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У канцы траўня пасьля публікацыі ў The Lancet Сусьветная арганізацыя здароўя прыпыніла клінічныя выпрабаваньні гідроксіхлёрахіну і хлёрахіну ў якасьці патэнцыйнага сродку супраць COVID-19. 3 чэрвеня САЗ абʼявіла пра аднаўленьне тэстаў. У Беларусі працягвалі ўжываць хлёрахін і гідроксіхлёрахін для хворых на COVID-19.

Сумневы ў сапраўднасьці дасьледаваньня ўзьнікалі яшчэ да таго, як The Lancet абвясьціў пра адкліканьне публікацыі. Экспэрты паказвалі, што аўтары артыкула спасылаюцца на большую колькасьць памерлых ад COVID-19 у шпіталях Аўстраліі, чым там было афіцыйна зарэгістравана. Акрамя таго, у крытыкаў выклікалі недавер зьвесткі зь лякарняў у краінах Афрыкі пра больш чым чатыры тысячы хворых.

Выявілася, што зьвесткі, якія ляжаць у аснове артыкула, дала нікому не вядомая маленькая кампанія Surgispherе. Брытанская газэта Guardian апублікавала расьсьледаваньне, зь якога вынікае, што ў кампаніі Surgisphere працуе ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, уключаючы пісьменьніка-фантаста і актрысу фільмаў для дарослых. Якасьць дасьледаваньня пасьля гэтага выклікала сумнеў у журналістаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG