Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча накіравала ў Беларусь другую партыю гуманітарнай дапамогі — 47 грузавікоў


Адпраўка гуманітарнага канвою ў Беларусь з Варшавы.
Адпраўка гуманітарнага канвою ў Беларусь з Варшавы.

47 грузавікоў з 300 тонамі гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 выправіліся з Польшчы ў Беларусь у чацьвер, 4 чэрвеня. 5 чэрвеня груз прыбудзе на Горадзеншчыну і ў Менск, паведаміла польская амбасада.

Грузавікі вязуць 1000 кубамэтраў грузу, у тым ліку маскі, лекі, тэсты на каранавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, прызначаная для Беларусі.

Як падкрэсьліў дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, гэта найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы. Яе даставяць у шпіталі Горадзенскай вобласьці і Менску.

Плянуецца, што грузавікі перасякуць мяжу 5 чэрвеня каля 6:30 раніцы ў пункце пропуску «Кузьніца Беластоцкая — Брузгі» і прыбудуць у Менск у гэты ж дзень. Іх сустрэнуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства замежных спраў і польскай амбасады ў Менску.

Першую партыю гуманітарнай дапамогі беларускім мэдыкам падчас эпідэміі каранавірусу Польшча накіравала ў Беларусь 24 красавіка. Шэсьць грузавікоў прывезьлі агулам каля 80 тысяч літраў дэзынфэкцыйных сродкаў, 100 тысяч масак і 1000 адзінак лекаў. Частка грузу засталася ў Горадні, рэшта мелася паехаць у Менск і Воранава.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG