Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу прайшла акцыя памяці загінулых на плошчы Т'яньаньмэнь


У Ганконгу — нягледзячы на забарону ўладаў — дзясяткі тысяч людзей увечары ў чацьвер узялі ўдзел у масавай акцыі памяці ахвяраў здушэньня кітайскімі ўладамі пратэстаў на плошчы Т'яньаньмэнь у Пэкіне ў 1989 годзе.

Гэта традыцыйная акцыя, якая праходзіць кожны год. Сёлета ляяльныя Пэкіну ўлады Ганконгу забаранілі акцыю, спасылаючыся на карантынныя захады ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Людзі, аднак, выйшлі насуперак забароне, выконваючы пры гэтым нормы сацыяльнага дыстанцыяваньня. Паліцыя амаль ня ўмешвалася.

Сёлета акцыя праходзіць на фоне росту асьцярогаў, што ўлады Кітаю сур’ёзна абмяжуюць аўтаномію Ганконгу. Кітайскі парлямэнт, кантраляваны кіроўнай Кампартыяй, рыхтуецца прыняць законапраект аб бясьпецы, які фактычна ставіць Ганконг пад кантроль кітайскіх спэцслужбаў і праваахоўных органаў. Злучаныя Штаты і Брытанія лічаць гэта адкрытым парушэньнем абавязаньняў, якія ўзяў на сябе Пэкін у рамках пагадненьня зь Лёнданам аб статусе Ганконгу. ЗША прыгразілі Кітаю санкцыямі ў выпадку, калі аўтаномія Ганконгу будзе ўшчэмленая.

Увесь апошні год у горадзе ішлі пратэсты супраць залежнасьці мясцовых уладаў ад Пэкіну.

  • На плошчы Т'яньаньмэнь 4 чэрвеня 1989 году кітайская армія жорстка здушыла пратэсты студэнтаў і іншых прыхільнікаў дэмакратызацыі. Загінулі ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек. У мацерыковым Кітаі якія-небудзь акцыі ў памяць пра гэтыя падзеі забароненыя. Ганконг, нароўні з Макао, заставаўся адзінай тэрыторыяй пад кітайскай юрысдыкцыяй, дзе яны маглі праходзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG