Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі ў Мазыры дамагліся адмены ліквідацыі цэнтру для дзяцей-інвалідаў «Радуга»


4 чэрвеня старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей сустрэўся з бацькамі дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў цэнтру «Радуга». Ён абяцаў, што рашэньне аб ліквідацыі цэнтру, прынятае Мазырскім райвыканкамам, адменяць.

Мазырскі райвыканкам прыняў рашэньне аб ліквідацыі ўнікальнага для рэгіёну цэнтру 31 сакавіка. У будынку «Радугі» мясцовыя ўлады плянавалі разьмясьціць дзіцячы садок. Дзеці-інваліды засталіся б без мэдычнай і сацыяльнай рэабілітацыі. Іх бацькі пісалі звароты, праводзілі акцыі і флэшмобы, езьдзілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

«Радугу» рэарганізуюць пад рэгіянальны ці абласны цэнтар. Ад Міністэрства аховы здароўя ён пяройдзе ў падпарадкаваньне Міністэрства працы, занятасьці і сацыяльнай абароны.

«Я думаю, што нашы агульныя калясальныя намаганьні паўплывалі на тое, што ў нашых дзетак застанецца гэты ўнікальны цэнтар. Як кажуць: „Грукайце — і вам адчыняць“. Два месяцы мы змагаліся — і нарэшце перамога», — сказала Свабодзе Дана Блізьнец, дачка якой наведвае цэнтар «Радуга».

Унікальны для рэгіёну цэнтар рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Радуга» адкрыўся ў 1995 годзе пры спонсарскай падтрымцы нямецкіх дабрачынных фондаў і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Нямецкія фонды дапамаглі з унікальным абсталяваньнем — адмысловымі прыладамі і трэнажорамі, якія дазваляюць праходзіць паўнавартасную мэдычную рэабілітацыю.

Пацыенты «Радугі» знаходзяцца тут ад 7 да 17 гадзіны, маюць магчымасьць як праходзіць рэабілітацыю, так і вучыцца, займацца з псыхолягамі, лягапэдамі, удзельнічаць у працы гурткоў. Такой установы ня мае больш ніводзін райцэнтар у Гомельскай вобласьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG