Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка пазьбегла абвалу, але працуе на склад, — расейскія аналітыкі 


Адмова беларускіх уладаў уводзіць карантынныя меры, магчыма, дазволіць пазьбегнуць глыбокага эканамічнага спаду. Аднак пры гэтым краіна можа сутыкнуцца з больш сур’ёзнай мэдычнай праблемай.

Такая ацэнка ўтрымліваецца ў аглядзе, падрыхтаваным цэнтрам макраэканамічных дасьледаваньняў расейскага «Сбербанка». На дакумэнт спасылаецца БелаПАН.

Як адзначаюць аналітыкі, сьвядомае ігнараваньне карантыну дазволіла беларускай эканоміцы прадэманстраваць меншы спад у параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну, нават нягледзячы на прыпыненьне паставак нафты ў пачатку году.

«Паводле нашай ацэнцы, эканоміка Расеі скарацілася ў красавіку на 10-15% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, Украіны — на 11%, Казахстану — на 7,5%. Тады як зьніжэнне выпуску ў Беларусі склала 4,3%», — гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым беларускія ўлады не асабліва распаўсюджваюцца, што эканоміка фактычна працуе на склад. Зьніжэнне попыту прымушае прадпрыемствы павялічваць запасы гатовай прадукцыі: на 1 траўня яны складалі 79% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці супраць 65% у папярэднім годзе.

Раней аналітыкі «Сбербанка» прагназавалі, што з-за паніжэньня зьнешняга попыту эканоміка Беларусі сёлета можа скараціцца на 6-8%.

У расейскім банку таксама падкрэсьліваюць, што ў палітыцы афіцыйнага Менска ёсьць і зваротны бок. Перадусім гаворка пра імклівы рост хворых. Як у абсалютным, так і ў адносным выражэньні Беларусь істотна апярэджвае раней пералічаныя краіны ў колькасьці інфікаваных.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 2 чэрвеня ў Беларусі былі 44 255 пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, памерла 243 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG