Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп мабілізаваў войска, каб спыніць забурэньні ў Вашынгтоне


Пратэсты ў Вашынгтоне

Амэрыканскі лідэр абвясьціў пра гэта ля Белага дома на фоне разгону дэманстрацыі вечарам 1 чэрвеня, расказвае «Голас Амэрыкі». Да таго перад Белым домам заўважылі грузавікі з салдатамі Нацыянальнай гвардыі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што мабілізуе тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў і салдатаў, каб спыніць «беспарадкі і бясчынствы, якія пашырыліся па ўсёй нашай краіне».

«Мы спынім гэта зараз, — сказаў Трамп. — Сёньня я настойліва рэкамэндаваў ураду кожнага штату разгарнуць Нацыянальную гвардыю ў дастатковай колькасьці, каб мы дамінавалі на вуліцах».

Ён дадаў, што мэры гарадоў і губэрнатары штатаў «павінны стварыць пераважную прысутнасьць праваахоўных органаў, пакуль гвалт ня будзе здушаны». Калі горад ці штат адмовіцца прымаць меры, неабходныя для абароны жыцьця і маёмасьці іх жыхароў, дадаў Трамп, ён можа «разгарнуць войска Злучаных Штатаў і хутка вырашыць праблему за іх».

Трамп таксама заявіў, што ён «зьяўляецца саюзьнікам усіх мірных дэманстрантаў». Перад выступам Трампа ў Ружавым садзе паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ і гумовыя кулі для разгону мірнай дэманстрацыі.

Для ўвядзеньня арміі ЗША ў горад ці штат, згодна з законам «Аб супрацьдзеяньні мяцежным дзеяньням» ад 1807 году, губэрнатары могуць папрасіць фэдэральны ўрад накіраваць войскі для дапамогі ў выпадках грамадзянскіх беспарадкаў, як то масавых пратэстаў.

Да гэтага часу ніводзін губэрнатар не зьвярнуўся па падобную дапамогу — часьцей аддаюць перавагу сілам Нацыянальнай гвардыі, бо тыя могуць законна выконваць абавязкі праваахоўных органаў на тэрыторыі ЗША. Вайскоўцы ж, якія знаходзяцца на абавязковай службе, ня могуць рабіць гэтага без парушэньня закону «Аб абмежаваньні ўжываньня фэдэральных узброеных сілаў на тэрыторыі ЗША» ад 1878 году, які забараняе ўраду выкарыстоўваць узброеныя сілы ў якасьці праваахоўных органаў на тэрыторыі ЗША.

Разам з тым Трамп можа спасылацца на закон «Аб супрацьдзеяньні мяцежным дзеяньням», каб пачаць разгортваньне войска бяз просьбы губэрнатара. Тады вайскоўцам будзе дазволена дзейнічаць у якасьці праваахоўных органаў. Для гэтага прэзыдэнт павінен спачатку выдаць дэклярацыю, каб «неадкладна загадаць мяцежнікам разысьціся і мірна адправіцца ў сваё жытло за абмежаваны час», згодна з законам.

У мінулым Міністэрства юстыцыі ЗША складала падобныя дэклярацыі. Гэты закон неаднаразова выкарыстоўваўся ў гісторыі ЗША, хоць, пачынаючы з эпохі Руху за грамадзянскія правы 1960-х, рэдка. Так, падчас беспарадкаў у Лос-Анджэлесе ў 1992 годзе, тагачасны губэрнатар Каліфорніі Піт Уілсан зьвярнуўся з падобным хадайніцтвам. Міністэрства абароны адмовілася камэнтаваць магчымасьць таго, што прэзыдэнт можа скарыстацца законам ад 1807 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG