Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША больш ня лічаць Ганконг аўтаномным


Майк Пампэо

Ганконг больш не карыстаецца аўтаноміяй у адносінах да ўладаў КНР, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.

«Сёньня я паведаміў у Кангрэс, што Ганконг больш не карыстаецца аўтаноміяй у дачыненьні да Кітаю, калі ўлічваць факты зь месца падзеяў. ЗША — разам з народам Ганконгу», — напісаў ён у Twitter.

У заяве дзяржсакратара, разьмешчанай на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, удакладняецца, што Ганконг ня можа надалей разьлічваць на ранейшы асаблівы падыход ЗША да гэтага рэгіёну.

Пампэо ўказаў на намер Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў прыняць у аднабаковым парадку законапраект аб бясьпецы Ганконгу.

«Разбуральнае рашэньне Пэкіну — толькі адзін з крокаў у сэрыі захадаў, якія падрываюць аўтаномію і свабоды Ганконгу і ўласныя абяцаньні Кітаю адносна народу Ганконгу, прадугледжаныя кітайска-брытанскай дэклярацыяй па пытаньні перадачы Ганконгу — міжнароднай дамовай, заверанай ААН», — адзначыў Пампэо.

На мінулым тыдні ўлады Кітаю заявілі пра намер прыняць законапраект, які стварае «мэханізм правапрымяненьня дзеля гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі» ў Ганконгу.

Гэта выклікала новую хвалю пратэставых акцый у Ганконгу, якія спыніліся ў канцы мінулага году пасьля пачатку распаўсюду каранавірусу. Гарадзкая паліцыя заявіла, што ў нядзелю арыштавала больш за 180 удзельнікаў несанкцыянаваных шэсьцяў і мітынгаў, ужыўшы для іх разгону спэцсродкі.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон ужо да канца гэтага тыдня можа прыняць новыя меры ў дачыненьні да Кітаю ў сувязі з новымі крокамі Пэкіну адносна праўнага статусу Ганконгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG