Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы лідэр «Маладога фронту»: Дзякую Богу, што мы не перамаглі ў 2001, 2006 і 2010


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Былы палітвязень і колішні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч заявіў у эфіры Радыё Свабода, што яму сорамна за лідэраў апазыцыі, якія, на яго думку, падманвалі актывістаў і 26 гадоў займаліся «зусім ня тым, што трэба было рабіць».

Падчас дыскусіі з публіцыстам і паэтам Стасем Карпавым Дашкевіч прызнаўся, што ён дзякуе Богу, што падчас апошніх чатырох прэзыдэнцкіх кампаній апазыцыя не прыйшла да ўлады.

«Мы шукалі кандыдата ў 2001 годзе, стаялі, плакалі, калі нам кандыдат разам з кіраўніцай штабу сказалі «Расхадзіцесь, мы пабядзілі. Мы пішам скаргі ў ЦВК». Мы шукалі яго ў 2006 годзе, калі нам сказалі: «Рабяты, мы набралі шмат галасоў, пойдзем кветкі ўскладаць». У 2010 годзе шукалі кандыдата, калі сабраліся на плошчы і ня ведалі, што рабіць зь людзьмі і што гаварыць у мэгафоны. Першыя суткі пасьля арышту, у камэры, я грыз локці, што не пасьпеў дайсьці да Плошчы і не зрабіў тое, што марыў зрабіць усё жыцьцё. А праз пару гадоў я сядзеў у турме і дзякаваў Богу, што ні ў 2001-м, ні ў 2006-м ці 2010-м гэтыя людзі не перамаглі. І цяпер я абсалютна цьвяроза гэта кажу і ўсьведамляю. Дзякуй Богу, што гэтыя людзі не перамаглі і што разам зь імі не перамаглі і мы».

Паводле былога палітвязьня і лідэра «Маладога фронту», апазыцыя «разадрала б Беларусь паміж Захадам і Ўсходам, заходнімі і ўсходнімі фондамі».

«Пра гэта можна доўга гаварыць, што было б зь Беларусьсю нават з найлепшым кандыдатам Мілінкевічам, у якога кіраўніком штабу быў камуніст Калякін, які агітаваў за адзіную валюту і саюзную дзяржаву. Яны б здалі Беларусь, як палітолягі пішуць, як і Кебіч здаў бы ў 90-я, калі б ня вылез гэты адурманены ўладай».

Дашкевіч лічыць, што ўсе апошнія прэзыдэнцкія выбарчыя кампаніі завяршаліся для прыхільнікаў пераменаў «расчараваньнямі, дэпрэсіямі, зьездамі з краіны і пракляцьцямі на адрас апазыцыі».

У 2006 годзе Дашкевіча асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Напярэдадні выбараў 2010 году яго арыштавалі і празь некалькі месяцаў асудзілі на 2 гады калёніі паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Арганізацыя Amnesty International прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.

Слухайце дыскусію Зьмітра Дашкевіча і Стася Карпава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG