Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За нашу бязьдзейнасьць падчас пандэміі заплацяць жанчыны і дзеці», — прэзыдэнтка Эстоніі


Прэзыдэнтка Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд. Архіўнае фота.

Прэзыдэнтка Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд разам з былой прэм’ер-міністаркай Новай Зэляндыі Гэлен Кларк, міністрам здароўя Мэксыкі Хорхэ Алькасэрам Варэля і былым чальцом праўленьня Партнэрства ў ахове здароўя маці, нованароджаных і дзяцей САЗ Грасай Машэл прааналізавалі наступствы эпідэміі каранавірусу ў калёнцы на сайце САЗ.

На думку чацьвярых аўтараў, у першую чаргу пандэмія прывядзе да росту дзіцячай сьмяротнасьці, ад 42 да 66 мільёнаў дзяцей апынуцца ў сытуацыі крайняй галечы па ўсім сьвеце.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Асноўныя тэзісы:

  • Куды б ні прыходзіла пандэмія COVID-19, яна пагаршае несправядлівасьць і няроўнасьць. У кожнай краіне і кожнай супольнасьці вірус вяртае назад зь цяжкасьцю заваяваныя рубяжы ў паляпшэньні становішча жанчын, нованароджаных і моладзі.
  • У гэтым вінаваты ня сам вірус, а нашая рэакцыя на яго: скарачэньне выдаткаў на базавыя паслугі аховы здароўя, боязь людзей зьвяртацца па мэдыцынскую дапамогу, рост маштабаў беднасьці і голаду.
  • Па дадзеных дасьледаваньня, нядаўна апублікаванага ў часопісе Lancet, у наступныя шэсьць месяцаў у краінах зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу ўсе гэтыя фактары могуць прывесьці да сьмерці больш як мільёна дзяцей і многіх тысяч маці.
  • У апошнія 20 гадоў дзіцячая сьмяротнасьць скарацілася амаль удвая, а мацярынская сьмяротнасьць — больш чым на траціну. Цяперашні рост няроўнасьці пагражае зьнішчыць гэтыя дасягненьні, расколваючы грамадзтва спачатку паводле прыкметы ўзросту і полу, а затым паводле геаграфічнага становішча, даходу, інваліднасьці і этнічнага паходжаньня.
  • Падчас мінулых пандэмій жанчыны нароўні зь дзецьмі, падлеткамі і найбольш уразьлівымі групамі насельніцтва часта не атрымлівалі належнай ім долі рэсурсаў і паслуг. Яны выключаліся з працэсу прыняцьця рашэньняў. Жанчыны складаюць 70% работнікаў аховы здароўя ў сьвеце, аднак іх патрэбы часта заставаліся па-за ўвагай, а іх погляды не прымаліся ў разьлік.
  • Рэсурсы службаў аховы здароўя жанчын нярэдка пераразьмяркоўваюцца на барацьбу з пандэміяй, і гэта спараджае доўгатэрміновыя нэгатыўныя наступствы для іх дзяцей, семʼяў і эканомікі.
  • Інстытут Гутмахера папярэджвае, што пандэмія COVID-19 можа мець катастрафічныя наступствы для аховы сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя ў больш бедных краінах. Скарачэньне абʼёму дапамогі нават на 10% можа прывесьці да сьмерці 168 000 немаўлятак і 28 000 маці і 3 мільёнаў небясьпечных абортаў.
  • Пандэмія кладзецца вялікім цяжарам на дзяцей. Многія зь іх будуць усё жыцьцё пакутаваць ад адсутнасьці імунітэту супраць іншых сурʼёзных хваробаў, бо іхныя бацькі не жадаюць наведваць мэдыцынскія ўстановы, баючыся заразіцца або парушыць камэнданцкі час, або з прычыны адсутнасьці грамадзкага транспарту.
  • Паводле ацэнак ААН, сёлета ад 42 да 66 мільёнаў дзяцей апынуцца ў сытуацыі крайняй галечы ў выніку эканамічных наступстваў вірусу.

Што трэба рабіць?

Аўтары артыкулу зьяўляюцца выхадцамі з чатырох розных кантынэнтаў, але іх абʼядноўвае перакананьне, што міжнародная супольнасьць павінна на гэты раз зьмяніць звыклы парадак рэчаў. Для гэтага патрэбна:

  • Каб палітычныя і бюджэтныя працэсы ў краінах былі арыентаваны на абарону правоў чалавека і заахвочваньне ўсеагульнага ўдзелу, раўнапраўя і справядлівасьці.
  • У рамках гэтых працэсаў павінны быць выпрацаваны стратэгіі папярэджаньня гвалту ў дачыненьні да жанчын, жорсткага абыходжаньня зь дзецьмі і неправамернага абыходжаньня з працаўнікамі аховы здароўя.
  • Паколькі такія злачынствы нярэдка носяць схаваны характар, людзей неабходна заахвочваць расказваць пра тое, што зь імі адбываецца, як гэта зрабіла арганізацыя Femnet у межах кампаніі пад хэштэгам #inclusivelockdown ў сетцы Twitter.
  • У інтарэсах забесьпячэньня ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя неабходна засяродзіць увагу на ўмацаваньні сыстэм аховы здароўя, у тым ліку сыстэм імунізацыі і першай мэдыка-санітарнай дапамогі.
  • Інфраструктурай аховы здароўя варта ахапіць сельскія раёны і раёны зь цяжкім доступам да мэдыцынскай дапамогі. Каб жанчыны і іх семʼі, асабліва з ліку сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, маглі працягваць карыстацца асноўнымі паслугамі аховы здароўя, ім патрабуецца дапамога, асабліва пры арганізацыі доступу да паслуг аховы сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя.
Ілюс трацыйнае фота. Праверка тэмпературы ў гандлёвым цэнтры ў Пакістане
Ілюс трацыйнае фота. Праверка тэмпературы ў гандлёвым цэнтры ў Пакістане


Каб атрымаць перамогу над пандэміяй без катастрафічнага пагаршэньня няроўнасьці, патрабуецца супрацоўніцтва шырокага кола зацікаўленых бакоў: грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу, мэдыцынскіх спэцыялістаў, донараў і актыўных грамадзян.

Як пішуць аўтары адкрытага звароту, пакуль перадача COVID-19 працягваецца хоць бы ў адной краіне, яна будзе аднаўляцца і зацягваць цяперашні крызіс у эканоміцы і ахове здароўя. Таму пандэмія ня толькі пагаршае няроўнасьць, але і служыць стымулам да салідарнасьці, падставай да перабудовы сыстэм аховы здароўя такім чынам, каб ніхто ня быў пакінуты бяз увагі.

«Мы ўжо зьяўляемся сьведкамі таго, як людзі і нацыі ва ўмовах мірнага часу наладжваюць паміж сабой супрацоўніцтва, якое раней было магчымым толькі ў ваенныя гады. Наша цяперашняя рэакцыя на пандэмію можа стаць прэцэдэнтам для вырашэньня такіх даўно існуючых праблем, як беднасьць, гендэрная няроўнасьць і зьмяненьне клімату», адзначаюць аўтары звароту.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG