Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падумаў, што пандэмія — гэта знак, і застаўся дома». Былы паплечнік Саньнікава больш не эмігрант


Пікет салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Зьміцер Бародка

Былы актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бародка, які пасьля рэпрэсій 2010 году мусіў зьехаць у Польшчу, вярнуўся на радзіму. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў аб прычынах вяртаньня і аб працы ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня, які «б’е капытом».

Праз тыдзень пасьля жорсткага разгону дэманстрацыі і масавых арыштаў у выбарчы вечар 2010 году Бародка ўцёк у Варшаву. У польскай сталіцы разам зь землякамі актывіст і былы паплечнік Андрэя Саньнікава заснаваў «Беларускі дом», які стаў цэнтрам беларускага жыцьця ў Варшаве.

Але ў 2013 годзе супраца з былымі калегамі па «Эўрапейскай Беларусі» спынілася. Саньнікаў заявіў, што страціў давер да былога рэгіянальнага каардынатара, і той грамадзкай дзейнасьцю ад таго часу больш не займаўся.

Зьміцер Бародка з сустаршынём "Беларускага дому" Алесем Зарэмбюком і амэрыканскім дыпляматам Дэйвідам Джонсанам
Зьміцер Бародка з сустаршынём "Беларускага дому" Алесем Зарэмбюком і амэрыканскім дыпляматам Дэйвідам Джонсанам

Зьміцер кажа, што ў Беларусь пачаў езьдзіць у 2015 годзе. У Барысаве жыве ягоная сям’я. Ніякай увагі з боку сілавікоў ён не адчуў. Апошні раз тыя цікавіліся ягонай асобай у 2011 годзе.

«Спачатку застацца на стала не было як, бо не было працы. У Польшчы я заснаваў фірму па рэкрутацыі беларускіх рабочых. Спачатку асабліва вялікага руху не было, але ў 2017 годзе пачалася хваля. Беларусы павалілі на працу ў Польшчу. Да гэтага там былі пераважна ўкраінцы. Але нашы беларусы вельмі запатрабаваныя на польскім рынку. Некаторыя фірмы нават прасілі ў нас менавіта беларусаў на працу. Яны лічацца адказнымі людзьмі, больш падрыхтаванымі».

Некалькі месяцаў таму, яшчэ да пачатку пандэміі каранавірусу, Зьміцер Бародка чарговым разам прыехаў да сям’і. Калі ў Эўразьвязе пачалі закрываць межы, то вярнуцца назад у Польшчу ён ужо ня змог.

«Я палічыў, што гэта знак, і вырашыў, што трэба заставацца. Дый аб’ёмы працы зьменшыліся, бо межы зачыніліся. Вірус сапсаваў пляны. Цяжка кагосьці выслаць на працу ў Польшчу. Транспартны крызіс, і ў іншых галінах крызіс перашкаджае».

Суд над Бародкам пасьля акцыі “Не — расейскай акупацыі!”. 2009 год
Суд над Бародкам пасьля акцыі “Не — расейскай акупацыі!”. 2009 год

Застаўшыся дома, Зьміцер вярнуўся да грамадзка-палітычнай дзейнасьці. У часе выбарчай кампаніі ён далучыўся да каманды старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня, які спрабуе стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Гэтае рашэньне Бародка называе натуральным, бо ён ужо 13 гадоў сябра гэтай партыі.

«Для мяне партыйная сыстэма — не пусты гук. І не апошнюю ролю мела асабістая просьба Станіслава Шушкевіча, які папрасіў памагчы, бо ён перадаў партыю Сяргею і перажывае».

Бародка кажа, што ў палітыцы Чэрачань не навічок і выдатна ўмее размаўляць зь людзьмі ды знаходзіць агульную мову. Яго Чэрачань захапіў цягам адной гутаркі.

«Ён прыехаў да мяне, мы доўга зь ім размаўлялі, і я вырашыў, што ён вартая асоба і яго трэба падтрымаць. Чэрачань — гэта энэргія, ён б’е капытамі. У яго шмат плянаў і моцная энэргетыка. Я шмат ежджу па рэгіёнах, сустракаюся зь людзьмі. Апатыя, стомленасьць, замутнёнае вока, а тут энэргія. Ён гатовы працаваць 25 гадзін у суткі. Гэта новая асоба, хацелася б ужо новых у нашай палітыцы».

Зьміцер зьбірае подпісы за свайго кандыдата асабіста. Кажа, што людзі гатовыя падпісвацца за любога кандыдата, абы не Лукашэнку. Але ў эпідэмію зьбіраць подпісы нялёгка, кажа Зьміцер. За дзень яму ўдаецца сабраць некалькі дзясяткаў.

«Я пакуль ня бачыў пікетаў за Цапкалу ці Бабарыку. У Бабарыкі вялікая група, але я не ўяўляю, як тэхнічна магчыма ўсім аддаць пасьведчаньні і хутка навучыць такую колькасьць людзей зьбіраць подпісы. Мне цяжка ўявіць, як яны арганізоўваюць дывізію, пры тым, што я працаваў падчас розных кампаній. Сам я ежджу па знаёмых. Вось у нядзелю ў Стоўпцах быў пікет. Сабралі там недзе 150 подпісаў. Невялікі горад, выдатны вынік».

На пачатку 2000-х Зьміцер Бародка быў каардынатарам моладзевага руху «Зубар» па Менскай вобласьці. Падчас выбарчай кампаніі 2010 году Зьміцер Бародка быў даверанай асобай і каардынатарам аднаго з рэгіянальных штабоў Андрэя Саньнікава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG