Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прэмія захавае імя аўтара Чабурашкі, хоць дачка абвінаваціла пісьменьніка ў хатнім гвалце


Эдуард Усьпенскі
Эдуард Усьпенскі

Расейская дзяржаўная дзіцячая бібліятэка ня будзе прыбіраць імя Эдуарда Усьпенскага з прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры, нягледзячы на просьбу дачкі, якая пасьмяротна абвінаваціла пісьменьніка ў хатнім гвалце. Пра гэта заявіла дырэктарка бібліятэкі Марыя Ведзяняпіна.

Бібліятэка не разглядае асабістыя якасьці пісьменьнікаў, а толькі іх унёсак у літаратуру, сказала яна. «Калі мы пачнём з гэтых пазыцый разглядаць усіх, чыім імем называюць прэміі ці яшчэ нешта, мы закапаемся ва ўсіх чалавечых пэрыпэтыях», — адзначыла Ведзяняпіна.

Раней Тацьцяна Усьпенская напісала адкрыты ліст, у якім папрасіла не называць прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры імем бацькі. У лісьце яна абвінаваціла бацьку ў хатнім гвалце. «Мой тата — тыран», — напісала яна.

«Гэта быў фізычны, псыхалягічны, эмацыянальны гвалт, які пастаянна паўтараўся ў адносінах да мяне, ягонай дачкі; маёй маці, ягонай жонкі; ягоных унукаў; дзяцей другой жонкі. На няшчасьце, грубасьць і хамства, кантроль і прымус паступова сталі нормай яго жыцьця», — гаворыцца ў звароце.

Тацьцяну Усьпенскую падтрымаў дзіцячы пісьменьнік Валянцін Посьнікаў. «Нельга называць прэмію імем чалавека, які не любіў дзяцей. Ён біў сваю дачку Таню, абражаў, выганяў на мароз у адной сукенцы і зачыняў за ёю дзьверы», — сказаў ён.

Эдуард Усьпенскі (1937–2018) — адзін з самых папулярных савецкіх і расейскіх дзіцячых пісьменьнікаў. Ён аўтар пэрсанажаў кракадзіла Гены і Чабурашкі, ката Матроскіна і паштальёна Печкіна і іншых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG